„Ніводны чалавек не мае права забіраць жыццё іншага чалавека”



“Ніводны чалавек не мае права забіраць жыццё іншага чалавека”, – так тлумачыць праваабаронца Леанід Судаленка сваю пазіцыю супраць смяротнага пакарання.

Юрыст мяркуе, што вынікі рэферэндуму 1996 года, калі выносілася пытанне наконт найвышэйшай меры пакарання, трэба перагледзіць.

– Калі дзяржава прыводзіць смяротны прысуд у выкананне, то фактычна дзяржава становіцца побач з забойцам. Нашыя чыноўнікі вельмі любяць спасылацца на рэферэндум 1996 года, які, дарэчы, насіў рэкамендацыйны характар. З таго часу прайшло звыш 25 год. Частка тых людзей, якія галасавалі тады, сышлі. Вырасла новае пакаленне, якое не прымала ўдзелу ў гэтым рэферэндуме. І таму спасылацца сёння на вынікі гэтага рэферэндуму – няправільна.

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. Апошні смяротны прысуд абвешчаны ў Берасцейскай вобласці за забойства васьмімесяцовай дзяўчынкі. З гэтай нагоды прэс-сакратарка ў замежных справах і палітыцы бяспекі Еўразвяза Мая Качыянчыч асудзіла найвышэйшую меру пакарання.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель