«Ноч памяці» на Майдане



У Кіеве на Майдане Незалежнасці адбылася акцыя «Ноч памяці», прысвечаная гадавіне разгону спецназам «Беркут» студэнцкага Еўрамайдану ў ноч на 30 лістапада 2013 года.

На плошчы сабраліся некалькі тысяч чалавек. Сярод тых, хто сабраўся, было шмат моладзі і студэнтаў.

Як адзначае «Украінская праўда», яны ўсталявалі некалькі бочак, у якіх распалілі агонь, каб сагрэцца ў час пратэстаў на Майдане. Актывісты правялі на Майдане ўсю ноч. Удзел у акцыі прынялі вядомыя актывісты, палітыкі і журналісты: Ганна Гапко, Мустафа Найем, Руслана, Ігар Луцэнка, а таксама паслы Канады, Літвы і Еўразвязу ва Украіне.

Падчас мерапрыемства каля 50 чалавек зладзілі шэсце да Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, дзе запатрабавалі расследаваць падзеі на Майдане ў мінулым годзе. Некаторыя актывісты абматалі галовы бінтамі з чырвонай фарбай, што сімвалізавала збітых студэнтаў. Да раніцы каля 200 удзельнікаў акцыі выправіліся ў Міхайлаўскі сабор, за сценамі якога год таму збітыя студэнты знайшлі прытулак. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай прыйшлі ў Міхайлаўскі сабор, дзе  прайшла малітва за Украіну.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота mignews.com.ua