“Новая газета” апублікавала сакрэтны дакумент Крамля па падзеле Украіны
Падрыхтаваць глебу для інкарпарацыі Усходу Украіны і Крыму і правесці шматкрокавую аперацыю па падзеле Украіны. Такія рэкамендацыі змяшчае дакумент, які трапіў у рукі расейскага выдання “Новая газета”. Паводле рэдакцыі, дакумент датаваны пачаткам лютага мінулага года, яшчэ да канца Майдану ў Кіеве. Дакумент нібы быў прапанаваны на разгляд адміністрацыі Уладзіміра Пуціна і быў падрыхтаваны групай так званых “праваслаўных бізнесоўцаў”.
Гэты дакумент несапраўдны, мяркуе ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:
– Калі хтосьці з сур’ёзных людзей, якія займаліся стратэгічным планаваннем ці рэагаваннем, паглядзіць гэты дакумент, то скажа, што ён не адпавядае ні форме, ні зместу. Ён закінуты ў СМІ, каб справакаваць дыскусію. Маё меркаванне, што гэта інфармацыйная “качка”.
Паводле ўкраінскага палітолага, падобны дакумент цалкам можа быць складзены на падставе падзеяў, які ўжо адбыліся за мінулы год.
Былы прэм’ер Расеі Міхаіл Касьянаў яшчэ летась адзначаў, што дэтальны план па акупацыі Украіны распрацоўваўся ў Маскве яшчэ з 2007 года. Пазней, паводле яго, план мяняўся ў залежнасці ад абставінаў. Пры гэтым расейскі апазіцыйны палітык адзначаў, што асноўная мэта Уладзіміра Пуціна – кантроль над усёй тэрыторыяй Украіны.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ©ubr.ua