Новая хваля ціску на Мікалая Аўтуховіча



Былы палітвязень і прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч трапіў пад новую хвалю ціску. Гэтым разам ціск з боку дзяржавы адчулі яго знаёмыя. Іх пачалі выклікаць на допыты і на размову ў міліцыю.

IMG_1484-1

Мікалай мяркуе, што такім чынам супраць яго рыхтуюць новую справу і могуць у бліжэйшы час зноў пасадзіць.

Пра новую хвалю ціску Мікалай Аўтуховіч распавёў слухачам нашага радыё:

– Ёсць інфармацыя ад маіх знаёмых, якіх дапытваюць наконт выбухоўкі. І дапытваюць не ў  сэнсе: „Можа яна быць у Аўтуховіча ці не? ” А яны дапытваюць: “А адкуль у яго выбухоўка?”. Як быццам ім дакладна вядома, што яна ў мяне ёсць. Можа дзе і закапалі каля хаты, я не ведаю. І пасля знойдуць такіх трох сведкаў „кручковых”, якіх зачапілі за наркотыкі, і якія скажуць што заўгодна. Я ўвогуле не ведаю, што зараз робіцца.

Родных Аўтуховіча пакуль не турбавалі: яго жонка працуе прадпрымальніцай, а дачка вучыцца за мяжой. Аднак Мікалай Аўтуховіч думае, што і супраць іх могуць прыдумаць нейкую правакацыю, і нейкім чынам націснуць на яго.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня