Новы кіраўнік Мінінфарма мае намер увесці цэнзуру?
Стратэгія Міністэрства інфармацыі будзе заключацца ў тым, каб карэктаваць дзеянні СМІ, заявіў 7 чэрвеня ў праграме „Тыдзень” на тэлеканале СТВ новы міністр інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі.
„Стратэгія Міністэрства інфармацыі, на мой погляд, будзе заключацца ў тым, каб карэктаваць дзеянні сродкаў масавай інфармацыі для таго, каб забяспечыць давядзенне выразнай дзяржаўнай палітыкі і абмежаваць насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве”, — сказаў ён.
Паводле слоў Луцкага, цяпер, у перыяд палітычнай кампаніі, важна, што адбываецца ў інтэрнэце. „Можа камусьці падацца, што гэта нешта бяскрыўднае, але гэта вельмі сур`ёзна ўплывае на тое, што адбываецца ў краіне, і тое, як будзе развівацца краіна”, — падкрэсліў новы міністр.
Ён лічыць важным „даць людзям выразную, ясную, зразумелую і праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца”. „Забіць галаву вельмі проста, лічбавы шум досыць сур`ёзна ўплывае на розумы. Задача, перш за ўсё дзяржаўных СМІ, разбураць гэты лічбавы шум і даносіць праўдзівую інфармацыю”, — заявіў чыноўнік.
На думку Луцкага, „значэнне інфармацыі адыгрывае ўсё больш важную ролю ў прыняцці палітычных і эканамічных рашэнняў”. „Яна ўсе больш ўплывае на развіццё дзяржаў, на тое, што з імі адбываецца, — будуць яны наогул у гэтым свеце існаваць або не будуць. І ўжо не войны і не воіны ў звычайным сэнсе практычна вызначаюць, як будзе развівацца далей свет, а вызначае інфармацыя. У гэтым сэнсе прыняцце любых рашэнняў, любых дзяржаўных рашэнняў павінна суправаджацца сур`ёзнай інфармацыйнай падтрымкай”, — сказаў кіраўнік Мінінфарма.
Луцкі лічыць, што стратэгія развіцця тэлеканала СТВ, які ён узначальваў да прызначэння на пасаду міністра, паспяховая і іншым СМІ варта рэкамендаваць „працаваць у такім жа рэчышчы”. „Рухацца трэба адразу ў двух кірунках — эфірнае тэлебачанне, класічнае тэлебачанне, і, вядома ж, відэахостынгі. Мы зрабілі ўпор на СТВ на YouTube”, — падкрэсліў чыноўнік.
На пасаду міністра інфармацыі Ігар Луцкі быў прызначаны 4 чэрвеня. Да гэтага ён больш як два гады ўзначальваў тэлеканал СТВ, а яшчэ раней — працаваў на пасадзе першага намесніка міністра інфармацыі.
Прызначаючы Луцкага, Аляксандр Лукашэнка сказаў: „Ведаю, што за гэты час СТВ стала іншым. Малайчына, ты навучыўся эфектыўна працаваць у інтэрнэце. Думаю, што нам давядзецца з тваёй падачы перш за ўсё перафарматаваць працу Міністэрства інфармацыі. Мы не бачым гэтага міністэрства. Хацелася б, каб мы яго ўбачылі. І трэба яму перадаць паўнамоцтвы, функцыі і адказнасць”.