Новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Дзірк Шубель прыбыў у Беларусь



Новы кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвяза Дзірк Шубель 8 верасня прыбыў у Менск. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прадстаўніцтве ЕЗ.

9 ліпеня прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні намінавала 43 новых кіраўніка прадстаўніцтваў ЕЗ па ўсім свеце.

Папярэдніца Шубеля Андрэа Віктарын, якая ўзначальвала прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі з верасня 2015 года, у канцы жніўня пакінула краіну ў сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі. Яе новая пасада — пасол Еўразвяза ў Арменіі.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Віктарын 22 ліпеня ў Менску выказаў надзею на тое, што на замену ёй „прыедзе годны чалавек”. У той жа дзень стала вядома, што беларускі бок выдаў агрэман на прыезд Дзірка Шубеля ў якасці новага прадстаўніка ЕЗ у Беларусі.

Шубель у якасці начальніка аддзела двухбаковых адносін з краінамі Усходняга партнёрства ЕСЗД некалькі разоў наведваў Менск, апошні раз — у ліпені мінулага года. Ён узначальваў дэлегацыю Еўрапейскага звяза ў ходзе чарговага, пятага, раўнда дыялогу каардынацыйнай групы „Беларусь — ЕЗ” па правах чалавека.

belapan.by

Фот: timpul.md