Новы пасол Беларусі ўручыў копіі даверчых грамат прадстаўніку МЗС Францыі
Пасол Беларусі ў Францыі Ігар Фісенка 20 лютага ўручыў копіі даверчых грамат намесніку дырэктара службы пратаколу МЗС Францыі Жэрому Кашару.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, падчас сустрэчы суразмоўцы абмеркавалі графік кантактаў і мерапрыемстваў на бліжэйшую перспектыву.
Пасол Беларусі падкрэсліў зацікаўленасць у актывізацыі супрацоўніцтва з Францыяй у эканамічнай, палітычнай, культурнай і іншых галінах.
„З моманту ўручэння копій даверчых грамат Фісенка мае права праводзіць рабочыя сустрэчы ў органах дзяржаўнай улады і кіравання Францыі, браць удзел у дыпламатычных мерапрыемствах, — адзначылі ў прэс-службе МЗС. — З улікам бягучай сітуацыі ў Францыі ўручэнне даверчых грамат прэзідэнту краіны павінна адбыцца на працягу 2019 года”.
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Ігара Фісенку новым паслом Беларусі ў Францыі 15 студзеня. Да гэтага ён займаў пасаду начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў. Фісенка таксама прызначаны па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА. Пры прызначэнні новага пасла Лукашэнка заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні кантактаў з Францыяй.
Да прызначэння Фісенкі больш за шэсць гадоў паслом у Францыі і пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА працаваў Павел Латушка.