Новы пасол Францыі ўручыў копіі даверчых грамат кіраўніку МЗС Беларусі
Новы пасол Францыі Нікаля дэ Лакост уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею. Сустрэча адбылася 8 снежня, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Бакі абмеркавалі „стан беларуска-французскіх адносін, а таксама актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня”.
Макей пажадаў новаму паслу „актыўнай плённай працы” ў Беларусі.
Лакост прыбыў у Беларусь 30 лістапада, паведамілі БелаПАН у пасольстве Францыі.
Да яго французскую дыпмісію ў Беларусі з верасня 2016 года да кастрычніка 2020 года ўзначальваў Дзідзье Канес.
Нікаля дэ Лакост быў прызначаны паслом у Беларусь дэкрэтам прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона ад 14 верасня. Да прызначэння ў Менск ён займаў пасаду намесніка дырэктара па кантынентальнай Еўропе галоўнага ўпраўлення па пытаннях палітыкі і бяспекі Міністэрства Еўропы і замежных спраў. У 2012—2016 гадах працаваў першым саветнікам пасольства Францыі ў Расеі. Мае вышэйшы класны чын саветніка па замежных справах па-за класа. 29 жніўня яму споўнілася 56 гадоў. Сын французскага дыпламата Жана-Ноэля дэ Лакоста (1934-2020).
Цяперашняя ратацыя паслоў адбылася на фоне абвастрэння адносін афіцыйнага Менска з дзяржавамі ЕЗ і, у прыватнасці, з Францыяй, якая не прызнае вынікі мінулых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта.
27 верасня ў інтэрв’ю Le Journal du Dimanche Эманюэль Макрон заявіў, што Лукашэнка „павінен сысці”. „Тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта крызіс аўтарытарнай улады, якая не можа прыняць логіку дэмакратыі і трымаецца сілай. Ясна, што Лукашэнка павінен сысці”, — сказаў ён.
29 верасня падчас падчас афіцыйнага візіту ў Вільнюс Макрон сустрэўся з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай і заявіў, што гатовы дапамагчы ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне. Паводле яго слоў, пасярэднікам у гэтым працэсе можа выступіць Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).
Фота: mfa.gov.by