Новы пасол Расеі Бабіч прыбыў у Менск



Новы пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч прыбыў у Менск, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар расейскага пасольства Аляксей Маскалёў.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя дні Бабіч плануе ўручыць копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Уладзіміру Макею.

Бабіч прызначаны паслом у Менску 24 жніўня. Адпаведны ўказ падпісаў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Яшчэ адным указам Бабіч прызначаны спецпрадстаўніком прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.

У сувязі з новымі прызначэннямі Пуцін вызваліў Бабіча ад пасады паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе.

На пасадзе паўнамоцнага прадстаўніка Бабіч працаваў з 15 снежня 2011 года. Ён кандыдат эканамічных навук, член праўладнай партыі „Адзіная Расія”. Быў старшынём урада Чачэнскай Рэспублікі з лістапада 2002 года па люты 2003-га.

Як адзначалі раней эксперты партала РБК, сумяшчэнне пасады пасла ў іншай дзяржаве з пасадай спецпрадстаўніка прэзідэнта — досыць рэдкі выпадак у расейскай дыпламатычнай практыцы. Напрыклад, дзве пасады сумяшчалі Віктар Чарнамырдзін і Міхаіл Зурабаў, якія былі пасламі ва Украіне і адначасова спецпрадстаўнікамі прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічных адносін з гэтай краінай.

РБК падкрэслівае, што пасада спецпрадстаўніка прэзідэнта дае паслу дадатковыя рычагі ўплыву: акрамя традыцыйнай дыпламатычнай працы па лініі МЗС ён можа па сваім кірунку ставіць задачы расейскім органам выканаўчай улады, збіраць нарады з удзелам чыноўнікаў ўрада.

Папярэдні пасол Расеі ў Беларусі, 77-гадовы Аляксандр Сурыкаў, прапрацаваў на гэтай пасадзе 12 гадоў.

belapan.by

Фота © / прадстаўніцтва прэзідэнта РФ у ПФА