Новы пасол РФ Дзмітрый Мезенцаў плануе прыехаць у Беларусь у канцы мая



Новы пасол РФ Дзмітрый Мезенцаў плануе накіравацца ў Беларусь у канцы мая. Гэту інфармацыю БелаПАН пацвердзілі ў яго прыёмнай.

На пытанне, калі плануецца пасяджэнне калегіі МЗС і запыт агрэману ў Мінска, у прыёмнай адказаць не змаглі.

14 мая ў каментары РІА Новости Дзмітрый Мезенцаў паведаміў, што 21 мая плануе прысутнічаць на пасяджэнні камітэта Савета Федэрацыі па эканамічнай палітыцы. Паводле яго слоў, пытанне спынення паўнамоцтваў сенатара можа быць разгледжана 22 мая.

1 мая кіраўнік камітэта Дзярждумы па справах СНД Леанід Калашнікаў заявіў журналістам, што прызначэнне новага пасла ў Беларусі праходзіла з парушэннем працэдуры. Паводле яго слоў, перад прызначэннем пасла прадугледжаны кансультацыі з парламентарыямі па кандыдатуры. Публікацыя ўказа прэзідэнта да абмеркавання ў парламенце — гэта „парушэнне працэдуры”, заявіў Калашнікаў.

Паводле інфармацыі расійскіх крыніц, перад прызначэннем Пуціным Мезенцава МЗС Расіі не запытвала ў Мінска агрэман, гэтаму павінна папярэднічаць пасяджэнне калегіі Міністэрства замежных спраў, якога яшчэ не было.

30 красавіка Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расіі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Новым паслом РФ быў прызначаны член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Дзмітрый Мезенцаў. Кандыдат псіхалагічных навук, член Саюза журналістаў Расіі. Абараніў дысертацыю „Псіхалогія ўплыву сродкаў масавай інфармацыі на фарміраванне палітычных установак асобы”. Былы генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (2013—2015), экс-губернатар Іркуцкай вобласці (2009—2012).

belapan.by

Фота ТАСС