Новы пасол Украіны ў Менску можа быць прызначаны ўвесну



Новы пасол Украіны ў Беларусі, верагодна, будзе прызначаны вясной гэтага года, паведаміў часовы павераны ў справах Украіны Валерый Джыгун.

Украіна

Паводле яго слоў, украінскае МЗС ужо падало свае прапановы на разгляд прэзідэнта, рашэнне будзе прынятае найбліжэйшым часам.

Джыгун таксама адзначыў, што прозвішчы кандыдатаў на гэты пост да зацвярджэння Пятром Парашэнкам канкрэтнага чалавека не раскрываюцца.

Ранейшы пасол Украіны ў Менску Міхаіл Ежаль быў звольнены 11 мая 2015 года. Пра сваё рашэнне адклікаць пасла ў Беларусі Парашэнка заявіў 25 красавіка. „Пасол прадстаўляе дзяржаву Украіна. Мною прынятае рашэнне аб яго адклiканнi, і зараз афармляюцца адпаведныя дакументы для прадстаўлення новага агрэмана (пасла)”, — заявіў прэзідэнт. Паводле яго слоў, у фармаце мінскіх дамоўленасцяў сталіца Беларусі адыгрывае важную ролю ў рэалізацыі знешняй абароннай палітыкі і палітыкі бяспекі. „Я павінен улічваць гэтую ролю для таго, каб забяспечваць пастаянную прысутнасць Украіны ў Менску”, — сказаў прэзідэнт.

За дзень да гэтага, 24 красавіка, з’явілася інфармацыя, што Ежаль абвінавачваецца ў нанясенні дзяржаве шкоды больш як на 42 млн. грыўнаў (5,3 млн. долараў ЗША на момант падзеі, цяпер — прыблізна 1,6 млн. долараў).

Ежаль быў прызначаны паслом у Беларусі 3 красавіка 2013 года ўказам папярэдніка Парашэнкі Віктара Януковіча. Да гэтага займаў пасаду саветніка прэзідэнта Украіны, у 2010—2012 гадах быў міністрам абароны, яшчэ раней — галоўнакамандуючым Ваенна-марскімі сіламі Узброеных сіл Украіны. Паводле неафіцыйных звестак, Ежаль па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі.

belapan.by