Новы пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр наведае шэраг еўрапейскіх краін 



Джулі Фішэр, нядаўна прызначаная паслом ЗША ў Беларусі, з 1 па 8 лютага наведае некалькі еўрапейскіх гарадоў, паведамляе прэс-служба пасольства ЗША ў Менску.

„У межах наяўных кансультацый прызначаны пасол Фішэр сустрэнецца з партнёрамі з урадаў, навуковых колаў і грамадзянскай супольнасці для абмеркавання намаганняў, якія яны прыкладаюць, а таксама шляхоў сумеснай працы для падтрымкі імкненняў беларускага народа да захавання суверэнітэту і незалежнасці, а таксама ўмацавання дэмакратыі і павышэння дабрабыту”, — гаворыцца ў паведамленні.

15 снежня Сенат Кангрэса ЗША зацвердзіў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду пасла ў Беларусі. 24 снежня яна прынесла прысягу ў якасці кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі.

Дата прыбыцця новага пасла ЗША ў Беларусь пакуль не называецца.