Новы прадстаўнік МЗС Польшчы па сувязях з Беларуссю падзяліўся планамі
«Максімальна дапамагаць беларусам».
Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі, а цяпер новы прадстаўнік МЗС Польшчы па сувязях з Беларуссю расказаў у інтэрв’ю Zerkalo.io пра свае планы. Артур Міхальскі зазначыў, што на новай пасадзе ён будзе рабіць акцэнт на цеснай супрацы з дэмакратычнымі коламі:
— Мы ведаем, што жыццё ў выгнанні нялёгкае, і Польшча зрабіла, як мне здаецца, вельмі шмат для таго, каб беларусы адчувалі сябе тут добра. Заўсёды ўзнікаюць новыя выклікі, і мне думаецца, што на іх варта звяртаць увагу іншых дзяржаўных інстытутаў. Я буду чалавекам, які паспрабуе дапамагчы вырашыць праблемы беларускай дыяспары ў выгнанні. У нейкай ступені гэта будзе часткай маёй працы.
Па словах Артура Міхальскага, у Польшчы захоўваюцца дыпламатычныя адносіны і з афіцыйнымі беларускімі ўладамі:
— Ёсць амбасада ў Менску, ёсць генеральныя консульствы ў Горадні і Берасці… У Варшаве працягвае працу беларуская амбасада, часовы павераны ў справах Беларусі падтрымлівае кантакты з МЗС Польшчы.
Паводле Міхальскага, сёньня ў Польшчы пражываюць каля 300 тысяч беларусаў.
Беларускае Радыё Рацыя