Новы тыдзень пачаўся з судоў, арыштаў і штрафаў
У панядзелак суды разглядаюць адміністрацыйныя справы „Моладзі БНФ”, якая ўдзельнічала ў раздачы стужачак з нацыянальным арнаментам у Менску 25 верасня, а таксама ўдзельнікаў акцыі 1 верасня ў Слуцку, якая была прымеркаваная да Дня ведаў.
У судзе Партызанскага раёна Менска адбыўся новы разгляд адміністрацыйнай справы лідара руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка за ўдзел у акцыі пратэсту супраць вайсковых вучэнняў «Захад-2017”, якая адбылася 8 верасня. 28 верасня палітык быў пакараны за Дзень вайсковай славы штрафам у памеры 45 б.в. (1 035,00 руб). Але раённая пракуратура вынесла пратэст і хадайнічала аб пераглядзе справы. Менскі гарадскі суд 11 кастрычніка пастанавіў накіраваць справу на новы разгляд у суд Партызанскага раёна.
Згодна з пастановай суда, Вячаслаў Сіўчык пакараны арыштам тэрмінам 5 сутак. Палітык на судзе не прысутнічаў.
У судзе Маскоўскага раёна 16 кастрычніка чакаюцца адміністрацыйныя працэсы над актывістамі “Моладзі БНФ”. У 9-30 пачнецца суд над Дзянісам Мандзікам, у 11-00 – над Кацярынай Шуст. Іх вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП). Акцыя адбылася 25 жніўня, у дзень, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб наданні Беларусі суверэнітэту. З гэтай нагоды Моладзь БНФ усклала кветкі да магілаў дэпутатаў Вярхоўнага савету 12-га склікання, а затым павіншавала беларусаў з днём 25 жніўня раздачай стужак з нацыянальным арнаментам.
Дзянісу Мандзіку прысудзілі штраф у памеры 25 базавых велічынь.
Кацярыне Шуст таксама штраф – 20 базавых велічынь.
Суд над Алінай Нагорнай
У Слуцку пачынаюцца суды над удзельнікамі акцыі «Дзень ведаў – урок гісторыі», якая прайшла з удзелам вядомага мастака Алеся Пушкіна 1 верасня. Сёння ў 12-00 будуць судзіць мясцовую актывістку Аліну Нагорную. У судзе – узмоцненыя меры бяспекі, паколькі ахоўніца суда запрасіла падмацаванне для аховы правапарадку, бо „ўсе узбуджанныя”. Аліну прыйшлі падтрымаць больш за 10 человек. Справу разглядае суддзя Аляксандр Тарасюк. Хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове, задаволенае, відэаздымка забаронена.
17 кастрычніка – працяг судоў над актывістамі “Моладзі БНФ”, якія раздавалі стужачкі з нацыянальным арнаментам у Менску 25 жніўня. Суд Маскоўскага раёна пачне разгляд справы Багдана Сакалова. Пачатак у 10-00.
У гэтым жа судзе ў 11 гадзін будзе разглядацца адміністрацыйная справа палітолага Алеся Лагвінца за акцыю да Дня ведаў у Слуцку.
У сераду, 18 кастрычніка, суд Маскоўскага раёна будзе разглядаць адміністрацыйную справу актывіста “Моладзі БНФ” Ягора Сергіенкі, таксама за акцыю 25 жніўня.