Новых фактаў па справе Паўла Шарамета не прагучала



„Новых фактаў па справе аб забойстве Паўла Шарамета падчас брыфінгу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і кіраўніцтва паліцыі не прагучала”, – кажа маці забітага журналіста Людміла Станіславаўна Шарамет. Брыфінг быў праведзены 23 ліпеня ў Кіеве па ініцыятыве Зяленскага. Па словах Людмілы Шарамет, абнадзейвае тое, што новы кіраўнік дзяржавы застаўся неабыякавым да гэтай справы

Вы ж бачыце, што ён таксама паглядзеў, паразмаўляў з нацпаліцыяй і сказаў, што не можа нічога казаць. Усё засакрэчана. І я схільная яму верыць. Нельга казаць, што я расчараваная, наадварот – у мяне зараз ёсць хоць нейкая надзея, таму што ён ва ўсялякім разе неабыякавы. Што б ні рабілі ў гэтым кірунку – ёсць надзея.

Па словах Людмілы Шарамет, за 3 гады з моманту забойства Паўла Шарамета ў яе склалася ўражанне, што ў кіраўніцтва Украіны не было палітычнай волі, каб раскрыць гэтае злачынства. Хоць былы прэзідэнт Пётр Парашэнка неаднаразова гаварыў, што гэта справа яго гонару, каб забойцы Паўла Шарамета былі знойдзеныя і пакараныя, што ён увесь час думае пра гэта. “Магчыма, так і ёсць, што гэта вельмі складаная справа, – сказала Людміла Шарамет. – Але ўсё ж абнадзейвае тое, што новы прэзідэнт, у якога яшчэ ўсё наперадзе і які павінен думаць аб сваёй рэпутацыі, гонары і годнасці, сказаў, што следства зрабіла вялікую працу. Проста яны не могуць пакуль казаць пра яе з-за сакрэтнасці. І я схільная яму верыць”.

Павел Шарамет загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня 2016 года ад падрыву аўтамабіля, на якім ён ехаў на працу.

Беларускае Радыё Рацыя