Новым міністрам унутраных спраў прызначаны Іван Кубракоў



Былы кіраўнік сталічнай міліцыі Іван Кубракоў прызначаны міністрам унутраных спраў Беларусі, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал Аляксандра Лукашэнкі „Пул Першага”.

На гэтай пасадзе Кубракоў змяніў Юрыя Караева, які ўзначальваў МУС з 11 чэрвеня 2019 года.

Кубракоў з 28 сакавіка 2019 года працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Менскага гарвыканкама, а раней, на працягу двух гадоў, узначальваў упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.

Іван Кубракоў уключаны ў санкцыйныя спісы ЗША і ЕЗ як адзін з адказных за рэпрэсіі і гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Кубракоў нарадзіўся 5 мая 1975 года ў вёсцы Малінаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Мінскую спецыяльную сярэднюю школу МУС і Акадэмію МУС Беларусі. Службу ў органах унутраных спраў пачаў у 1995 годзе. Працаваў участковым, затым — старшым участковым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, які пасля ўзначаліў. Кіраваў Заслаўскім аддзелам Мінскага РУУС. Займаў пасады кіраўнікоў у галоўным упраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі.

belapan.by