Новым міністрам юстыцыі стаў міліцыянт без юрыдычнай адукацыі (абноўлена)
Адстаўка міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага і замена яго на былога намесніка міністра ўнутраных справаў Сяргея Хаменку стала нечаканай. Мінюст вельмі стараўся ў ліквідацыі беларускай дэмакратычнай грамадскай супольнасці. Але, відаць, вышэйшым уладам падалося, што стараўся недастактова.
Сітуацыю каментуе намеснік старшыні прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
РР: У Інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што Сяргей Хаменка не мае юрыдычнай адукацыі.
Генадзь Фядыніч: То што, у Міністэрства юстыцыі можна ставіць каго заўгодна? Гэта ж Міністэрства юстыцыі. Навошта яго так зняважваць, каб ставіць чалавека, які не мае юрыдычнай адукацыі, калі гэта так насамрэч. Гэта абсурд. Скажу шчыра, я не ведаю, як складзецца лёс Алега Сліжэўскага, ён быў няпростым чалавекам, мабыць, дзесьці быў і жорсткім, але ён быў тым, хто быў на сваім месцы. І як забралі частку паўнамоцтваў у Мінюста, яго крыху прынізілі, але ўсё роўна Міністэрства юстыцыі працавала. На мой погляд, на такія пасады мусяць прыходзіць людзі з досьведам працы.
РР: Але і ў Сліжэўскага “заслугаў” хапае: сотні арганізацый ліквідавалі за апошнія месяцы, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету.
Генадзь Фядыніч: Закрываў не Сліжэўскі, закрываў Мінюст, але пад яго кіраўніцтвам. Гэта таксама трэба мець на ўвазе. Мабыць улада хоча сказаць, што гэта былі не зусім добрыя крокі, таму Сліжэўскага і здымаюць. Тады зрабіце так, каб гэтыя арганізацыі зноў існавалі.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
* * *
Лукашэнка прызначыў новага міністра юстыцыі. Былы міністр Алег Сліжэўскі адпраўлены ў адстаўку, пішуць тэлеграм-каналы.

Сліжэўскі займаў пасаду міністра юстыцыі амаль 10 гадоў — са снежня 2011-га. Куды яго накіруюць цяпер, а таксама чакае экс-міністра паніжэнне ці павышэнне, пакуль невядома.
Новым кіраўніком Міністэрства юстыцыі стаў цяпер ужо былы намеснік міністра ўгутраных спраў Сяргей Хаменка.
