Новым паслом Аўстрыі ў Менску стане спецыяліст па «гарачых кропках»
Перастаноўкі ў аўстрыйскім МЗС закранулі дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беларусі.
Пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр (Aloisia Wörgetter), якая стала за апошнія месяцы ўлюбёным аб’ектам для нападак з боку дзяржаўнай прапаганды Беларусі, ідзе на павышэнне і ўзначаліць пастаяннае прадстаўніцтва Аўстрыі пры Радзе Еўропы ў Страсбургу, піша гісторык і аглядальнік прэсы Аляксандр Фрыдман са спасылкай на аўстрыйскі тэлеканал Puls 24.
А вось змяніць яе ў Менску павінен дыпламат Рональд Штурм (Ronald Sturm) — спецыяліст па «гарачых кропках», які шмат гадоў працаваў паслом Аўстрыі ў Лівіі. Выбар на карысць Штурма многае кажа пра ўспрыманне Беларусі ў Аўстрыі.
Цікавасць выклікае, аднак, не толькі бэкграўнд новага пасла, але і сама змена кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва, якая адбываецца на фоне абвастрэння стасункаў паміж Менскам і Венай у кантэксце скандалу вакол арышту прэс-сакратара А1 Belarus Мікалая Брэдзелева.
Узнікае і пытанне, якім чынам Аўстрыя збіраецца вырашыць праблему даверчых грамат, якія паслы краін ЕЗ Лукашэнка прынцыпова не ўручаюць, не прызнаючы яго тым самым легітымным кіраўніком Беларусі.