Новым паслом Расеі ў Беларусі можа стаць Міхаіл Бабіч
Паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Расеі ў Прыволжскай федэральнай акрузе (ПФА) Міхаіл Бабіч можа быць прызначаны паслом Расеі ў Беларусі, паведаміла дзяржаўнаму інфармагенцтву РИА Новости крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
„Ён не будзе перапрызначаны паўнамоцным прадстаўніком у ПФА. Разглядаецца варыянт аб прызначэнні яго паслом у Беларусь”, — сказаў суразмоўца агенцтва.
49-гадовы Міхаіл Бабіч працуе на пасадзе паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральным акрузе з 15 снежня 2011 года. Кандыдат эканамічных навук, член партыі „Адзіная Расея”. Быў старшынём урада Чачэнскай Рэспублікі з лістапада 2002-га па люты 2003 года.
Пасля звальнення пасла Расеі ва Украіне Міхаіла Зурабава 28 ліпеня 2016 года, разглядалася пытанне аб прызначэнні на гэтую пасаду Міхаіла Бабіча. Былі праведзеныя папярэднія працэдуры ўзгаднення профільнымі камітэтамі ніжняй і верхняй палаты парламента, аднак кандыдатуру Бабіча не зацвердзіла МЗС Украіны. Адна з прычын заключалася ў тым, што, будучы членам Савета бяспекі РФ, Міхаіл Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у рашэнні аб падтрымцы Крыма, яго рашэнні аддзяліцца ад Украіны і ўводзе туды расейскіх ваеннаслужачых. Акрамя таго, украінскія палітолагі адзначалі тое, што Міхаіл Бабіч „раней быў ваенным дэсантнікам, падчас Чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ”. Эксперты ў Кіеве заяўлялі, што „Бабіч, біяграфія якога звязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ, з’яўляецца „прафесійным дыверсантам” і „класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі ў Данбасе для арганізацыі сілавых аперацый”.
Інфармацыя пра верагодную адстаўку Аляксандра Сурыкава з пасады пасла ў Беларусі з’явілася ў пачатку чэрвеня на расійскім інфармацыйным telegram-канале „Незыгарь”. Паведамлялася, у прыватнасці, што галоўным кандыдатам на пасаду пасла быў губернатар Краснадарскага краю РФ, экс-міністр сельскай гаспадаркі Аляксандр Ткачоў, але яго кандыдатуру не ўзгадніў Менск.
Сам Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 8 чэрвеня ў Менску не пацвердзіў чуткі аб сваёй хуткай адстаўцы. „Інтэрнэт — добрая справа, але колькі розных аўтараў у інтэрнэце, столькі там і меркаванняў. Я магу сказаць, што я сапраўды працую даўно, 12 гадоў на чале дыпламатычнага корпуса. Калі прэзідэнт вырашыць, што мая дзейнасць павінна быць [скончаная], то — усё. Толькі і ўсяго”, — сказаў дыпламат.
Фота 56nv.ru