Новым паслом Швецыі ў Беларусі прызначаная Крысціна Ёханэсан



Новым паслом Швецыі ў Беларусі прызначаная Крысціна Ёханэсан, паведамілі БелаПАН у прэс-службе шведскага МЗС.

Выкананне сваіх абавязкаў Ёханэсан пачне 1 верасня.

Да прызначэння ў Менск яна працавала ў прадстаўніцтве Швецыі пры Еўрасаюзе ў Бруселі.

Ёханэсан працавала таксама ў генеральным консульстве Швецыі ў Санкт-Пецярбургу і ў шведскім пасольстве ў Маскве. У Беларусі яна змяніла Марціна Оберга, які быў на пасадзе часовага паверанага (з ліпеня 2013 года), а затым пасла (з красавіка 2015 года). Ён стаў першым кіраўніком дыпмісіі, акрэдытаваным пасля скандалу паміж Менскам і Стакгольмам у 2012 годзе.

Пасольства Швецыі ў Менску закрылася 30 жніўня 2012 года. Гэтаму папярэднічала рашэнне беларускіх уладаў пра непрадаўжэнне акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. У выніку функцыі пасольства Швецыі ў Менску выконвала дыппрадстаўніцтва Эстоніі, а беларускага ў Стакгольме — пасольства Латвіі.

Вясной 2013 года беларускі бок прыняў станоўчае рашэнне па просьбе шведскага боку аб акрэдытацыі ў Менску часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі.

belapan.by