Новыя дэталі рэпрэсій супраць Партыі БХД (абноўлена)



Сталі вядомыя новыя дэталі рэпрэсій супраць заснавальнікаў Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Клічаўскім раёне.

Як паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД у Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук, усе візіты, выклікі і абтэлефанаванні заснавальнікаў праходзілі ў адзін дзень. Больш за тое, дзве жанчыны былі выкліканыя ў Клічаўскі райвыканкам, дзе ім пагражалі праблемамі, у тым ліку з працаўладкаваннем і навучаннем іх, іх сваякоў і блізкіх, – паведамляе сайт БХД.

Пасля гэтага ім падсунулі бланкі, на якіх прымусілі адмовіцца ад сваіх подпісаў. Па словах сустаршыні БХД Паўла Севярынца, ўсё гэта нагадвае тэрор.

– Тыповы „наезд”, які ідзе на заснавальнікаў партыі БХД кожнага разу, калі БХД падае дакументы на рэгістрацыю – шляхам запалохвання і тэрору людзей прымушаюць адмаўляцца ад подпісаў. Пасля трасуць гэтымі паперкамі: маўляў гэта несапраўдныя подпісы. У гэтым уся сутнасць рэжыму Лукашэнкі, і ўсе заявы, што ў нас тут свабода і «справядлівыя выбары намячаюцца», што тут лібералізацыя, перакрэсліваюцца вось такімі фактамі. 

У сувязі з ціскам на прыхільнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі аргкамітэт БХД рыхтуе заяву ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў Клічаўскага райвыканкаму.

“За факты тэрору чыноўнікам давядзецца несці сур’ёзную адказнасць, аж да крымінальнай”, – заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

* * *

“На жаль, не бачна, чаму Амерыка робіць такія саступкі”, – так каментуе заяву кангрэсмена Дана Рорабакера аб магчымасці перазагрузкі стасункаў ЗША і Беларусі сустаршыня па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец. Ніякай лібералізацыі ў адносінах да грамадзянскай супольнасці з боку беларускіх уладаў не адбываецца, – адзначае палітык.

– Калі гэта па факце так званай лібералізацыі перад выбарамі, дык вось тэрор у Клічаве яўна паказвае, што ў Беларусі абсалютна нічога не змянілася. Я думаю, што ў Злучаных Штатаў Амерыкі ёсць механізмы дыпламатыі, ёсць фінансавыя механізмы для таго, каб прымушаць тыя ці іншыя рэжымы па крайней меры прытрымлівацца нейкіх дарожных картаў у выніку перамоваў. Пакуль выглядае, што гэта ўсё аднабаковыя амерыканскія саступкі.

Відавочна, што час для перазагрузкі наспеў, бо нармальных адносінаў Беларусі са Злучанымі Штатамі Амерыкі – наймацнейшай дзяржавай у свеце – няма па віне беларускага рэжыму. Таму і саступкі ў першую чаргу павінна рабіць беларуская ўлада, – лічыць Павел Севярынец. “Перад уладамі Беларусі павінна быць празрыстая дарожная мапа. Напрыклад, вызваляеце палітвязняў – нармалізуем працу амбасады. Праводзіце свабодныя справядлівыя выбары – можна разлічваць на такія і такія крэдытныя праграмы,” – падкрэслівае палітык.

 Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя