Новыя санкцыі Еўразвязу супраць Расеі будуць абвешчаныя ў пятніцу
“Новыя санкцыі Еўразвязу супраць Расеі будуць абвешчаныя ў пятніцу”, – заявіла міністр замежных спраў Італіі Федэрыка Магерыні. Італьянка, якая неўзабаве стане кіраўніцай еўрапейскай дыпламатыі, распавяла ў Еўрапарламенце, што такое рашэнне было прынята на паседжанні Камітэта пастаянных прадстаўнікоў.
Кажа польскі еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі:
– Заўтра Еўрапейская камісія складзе спіс санкцый, а канчатковае рашэнне павінна быць прынята ў пятніцу. Санкцыі будуць у сферы эканамічнай, ваеннай і ў сферы энергазабеспячэння. Зараз камісія працуе над канкрэтыкай.
Будучая кіраўніца знешнепалітычнага ведамства Еўрапейскага звязу дадала, што плануецца таксама пашырыць спіс людзей і арганізацый, супраць якіх будуць задзейнічаныя візавыя і фінансавыя санкцыі.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
