Новыя санкцыі супраць Беларусі могуць набыць моц у канцы бягучага месяца
Новыя санкцыі Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі, як чакаецца, павінны набыць моц у канцы лістапада, заявіла міністр замежных спраў Эстоніі Эва-Марыя Лійметс (Eva-Maria Liimets).

„Цяпер новыя санкцыі каардынуюцца з іншымі дзяржавамі, якія думаюць аналагічна, напрыклад, з ЗША, якія таксама ўстановяць свае санкцыі ў пачатку наступнага месяца”, – дадала эстонскі міністр.
Паводле яе слоў, кіраўнікі МЗС Еўразвязу дасягнулі палітычнай дамоўленасці ўстанавіць новыя санкцыі, а таксама дамовіліся пра утрыманне пакета абмежаванняў. Эстонскі міністр таксама выказала занепакоенасць тым, што многія інстытуцыі і прадпрыемствы звязаны з дастаўкай мігрантаў у Беларусь, а потым і на знешнія межы Еўразвязу.
„З нашага пункту гледжання гэтыя ўстановы, падраздзяленні і прадпрыемствы павінны быць санкцыянаваныя, каб гэта дзейнасць, якая выклікае шкадаванне, была спынена”, – падкрэсліла яна.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: RAUNO VOLMAR
