Новыя ўлады ЗША назвалі Беларусь аўтарытарнай дзяржавай
Аўтарытарнай дзяржавай названая Беларусь у дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб выкананні правоў чалавека ў свеце ў 2016 годзе.
У дакуменце, падпісаным новым кіраўніком амерыканскай дыпламатыі Рэксам Тылерсанам гаворыцца, што Аляксандр Лукашэнка „падарваў вяршэнства закона аўтарытарнымі метадамі, уключаючы маніпуляванне выбарамі і самавольныя дэкрэты”. Усе выбары пасля 1994 года, у тым ліку апошнія парламенцкія, „не адпавядалі міжнародным нормам”.
„Найбольш прыкметнымі” праблемамі ў сферы правоў чалавека ў Беларусі Дзярждэп па-ранейшаму лічыць адсутнасць у грамадзян магчымасці абраць сваю ўладу, злоўжыванне ўладай сваімі паўнамоцтвамі ва ўмовах адсутнасці стрымак і проціваг, абмежаванне правоў былых палітзняволеных, нежаданне ўладаў займацца даўнімі выпадкамі палітычных знікненняў.
Дзярждэп звяртае таксама ўвагу на злоўжыванні з боку сілавікоў, што выяўляецца ў неналежным абыходжанні з падазронымі падчас следства і са зняволенымі ў турмах. „Улады адвольна арыштоўвалі, трымалі пад вартай і саджалі ў турмы грамадзян за крытыку чыноўнікаў, удзел у дэманстрацыях і з іншых палітычных прычын”, — адзначаецца ў дакладзе. Судовая ўлада зазнае „палітычнае ўмяшанне” і не мае незалежнасці. Парушаецца права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, абмяжоўваюцца грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабода слова, друку, сходаў, аб’яднанняў і рэлігіі. Праследуюцца праваабарончыя групы, няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі.
ЗША таксама звяртаюць увагу на карупцыю ва ўсіх галінах беларускай улады, практыку прымусовай працы, дыскрымінацыю і насілле ў адносінах да жанчын і дзяцей, асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, цыган і іншых этнічных меншасцяў, носьбітаў ВІЧ/СНІД, а таксама тых, хто „намагаецца гаварыць на беларускай мове”.
БелаПАН