Нурслултан Назарбаеў наведае Беларусь 29—30 лістапада
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў наведае Беларусь 29—30 лістапада. Візіт, як паведамляе прэс-служба МЗС, абмеркавалі 17 лістапада пасол Беларусі ў Казахстане Анатоль Нічкасаў і міністр замежных спраў Казахстана Кайрат Абдрахманаў.
„Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва, уключаючы рэалізацыю перспектыўных эканамічных праектаў і ўзаемадзеянне ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў. Асаблівы акцэнт падчас сустрэчы быў зроблены на падрыхтоўцы афіцыйнага візіту прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Нурсултана Назарбаева ў Рэспубліку Беларусь, які запланаваны на 29—30 лістапада„, — падкрэслілі ў прэс-службе.
29 лістапада ў Менску ў межах візіту Назарбаева адбудзецца беларуска-казахстанскі бізнес-форум, паведамляе Беларуская гандлёва-прамысловая палата. „На парадку дня форуму — разгляд перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва дзелавых колаў Беларусі і Казахстана, дзелавыя перамовы паміж бізнесменамі дзвюх краін. Плануецца, што з казахстанскага боку ў форуме возьмуць удзел прыблізна 150 прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, зацікаўленых у развіцці ўзаемадзеяння з беларускім бізнесам у сферах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, вытворчасці сельскагаспадарчага абсталявання і тэхнікі, харчовай і лёгкай прамысловасці, гандлю і паслуг, лагістыкі, банкаўскай дзейнасці, інвестыцый, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, — адзначылі ў БелГПП.
На наступны дзень, 30 лістапада, у Менску запланаванае пасяджэнне сесіі Савета калектыўнай бяспекі з удзелам лідараў ўсіх краін — членаў АДКБ, куды ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.
Пасол Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенаў на прэс-канферэнцыі 13 верасня, анансуючы візіт у Мінск кіраўніка дзяржавы, удакладніў, што ў 2012 годзе Назарбаеў прыязджаў у Беларусь з рабочым візітам, а ў 2013 годзе Казахстан наведаў Аляксандр Лукашэнка. „На гэтых сустрэчах падпісвалася шмат двухбаковых пагадненняў, якія вызначаюць далейшыя шляхі развіцця нашых дзяржаў”, — адзначыў дыпламат. БелаПАН