Някляеў: Беларусі трэба імкнуцца да нейтралітэту
Збіццё Турцыяй расейскага самалёта – гэта адзін з эпізодаў Трэцяй сусветнай вайны, – лічыць паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Па яго меркаванні, канфлікт вакол Сірыі можа зацягнуцца на вельмі доўгі час. Фактычна – гэта вайна цывілізацый. І думаць, што з яе можна проста і хутка выйсці, нельга. А Беларусь з’яўляецца найбліжэйшым саюзнікам Расеі, якая імкліва ўцягваецца ў гэта цывілізацыйнае супрацьстаянне:
– Што рабіць Беларусі ў гэтым выпадку з яе магчымасцямі, з арміяй у 60 тыс чалавек – не надта добра ўзброенай, са старымі танкамі, гарматамі і самалётамі? Даводзіць, што мы нешта гатовыя вырашаць у міжнароднай палітыцы – не выпадае. Таму трэба рабіць тое, што напісана ў Канстытуцыі.
А ў Канстытуцыі, нават з папраўкамі, прынятымі падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі, гаворыць, што Беларусь ставіць мэтай зрабіць дзяржаву нейтральнай. „Вось і трэба імкнуцца да нейтралітэту, а не дэманстраваць, чаго надта жадае Лукашэнка, свае генеральскія ці нават маршальскія здольнасці. Трэба разумець рэальную палітычную, эканамічную і ваенную вагу той краіны, у якой мы жывем,” – кажа Уладзімір Някляеў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belprauda.org