Някляеў і Статкевіч аштрафаваныя на 9 мільёнаў рублёў



stat-nek

Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў

Лідар руху „За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” Уладзімір Някляеў і экс-палітвязень Мікалай Статкевіч аштрафаваныя на 9 мільёнаў рублёў па 50 базавых велічыняў кожны за арганізацыю акцыі супраць размяшчэння ў Беларусі расейскай ваеннай базы.Такія рашэнні  прынятыя судом Цэнтральнага раёна Менска, паведамляюць у „Твітэры” назіральнікі закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”.

Някляеў у суд не прыйшоў. Ці быў у судзе Статкевіч, не паведамляецца, аднак раней ён сказаў журналістам, што не мае намеру туды ісці. Нагадаем, акцыя „За мірную, нейтральную Беларусь” супраць размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых баз прайшла 4 кастрычніка на сталічнай плошчы Свабоды ў фармаце народнага сходу.

Большасць спраў па адміністрацыйных пратаколах, складзеных на яе ўдзельнікаў, разглядаліся сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Акрамя Някляева і Статкевіча рашэнні ўжо вынесеныя ў дачыненні да лідэра руху „Разам” Вячаслава Сіўчыка, які атрымаў штраф 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў, мастака Аляксея Марачкіна (штраф 3 мільёны 600  тысяч), старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі (штраф 9 млн. рублёў) і актывіста з Кобрына Аляксандра Меха (штраф 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў).

Па словах грамадскага актывіста Аляксандра Меха, яго здзіўляе і шакуе тое, што суды караюць за абарону суверэнітэту Беларусі:

– Судовыя органы Беларусі пакаралі мяне за тое, што я выйшаў бараніць Беларусь. Шчыра кажучы, гэта мяне проста здзіўляе.

Беларускае Радыё рацыя, Менск