Някляеў і Статкевіч наведваюць рэгіёны



Глыбачане сустрэліся з уплывовымі апазіцыйнымі палітыкамі – Мікалаем Статкевічам і Ўладзімірам Някляевым. Палітыкі прыехалі ў Глыбокае, каб распавесці актывістам пра плануемы Кангрэс дэмакратычных сілаў. Таксама размова ішла пра выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца 11-га верасня, і фармаванне спісу кандыдатаў ад апазіцыі.

Як кажа старшыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, мэта Кангрэсу – гэта кансалідацыя дэмакратычных сілаў краіны дзеля пабудовы вольнай, незалежнай і заможнай Беларусі:

— Я прыехаў, каб размаўляць пра аб′яднанне дэмакратычных сілаў, пераканаць людзей падтрымаць кангрэс знізу: у сваіх арганізацыях, каб стымуляваць кіраўніцтва партыі да аб′яднання. Без аб′яднання ў нас не можа быць перамогі. Але вельмі хутка выявілася, што мы грукаемся ў адчыненыя дзверы.

Прысутныя на сустрэчы адзінагалосна прагаласавалі за падтрымку правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў і задавалі палітыкам надзённыя і набалелыя пытанні. Напрыканцы мерапрыемства Ўладзімір Някляеў падпісаў свае кнігі аматарам яго творчасці і прадэкламаваў вершы.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара