Някляеў: Знойдуцца гатовыя ахвяраваць дзеля Беларусі!



Мы пагутарылі з паэтам, кандыдатам у прэзiдэнты Беларусi на выбарах 2010 года ды ініцыятарам руху „За дзяржаўнасць і незалежнасць” Уладзімірам Някляевым.

Уладзімір Някляеў

РР: Спадар Уладзімір, ці не здаецца Вам, што зноў “ўсё змяшалася ў доме Аблонскіх”? Ці – таксама не мая цытата – “у апазіцыі паехаў дах”?! Узяць нядаўні выпадак, калі перад судом над Вячаславам Сіўчыкам у яго маці Галіны Васільеўны здарыўся сардэчны прыступ з-за кпінаў ды “паклёпаў” на яе сына, што з зайздроснай рэгулярнасцю ўначы з’яўляліся ў Фэйсбуку. Усё пасля ўстаноўчага мітынга з’езда Кангрэса дэмсіл, што ўлады “загналі” на адкрытае паветра і за што Вас таксама судзілі.  Увесь гэты раздрай доўжыцца напярэдадні чарговых выбараў у парламент, якія апазіцыя ізноў “прадзьме”?

Уладзімір Някляеў: Мяркуючы па той сітуацыі, што складваецца на сённяшні дзень, будзе так як сказалі. Змяніць варункі, нібы, час яшчэ ёсць, але не бачу рэальнай волі ў прадстаўнікоў апазіцыйных структур, што разбегліся па сваіх “кватэрах”. Надта ж усё нагадвае “прадзьмутую” прэзідэнцкую кампанію. Калі пры чатырохгадовых папярэдніх заклінаннях, што “дасягнем еднасці”, “выйдзем з адзіным кандыдатам ды стратэгіяй дзеянняў” – усе дамоўленасці аднадушна парушылі. У выніку, па сутнасці, займелі ўсенародную ганьбу. Я ўжо год таму выйшаў з “Гавары праўду”, якую ўзначальваў і з усіх іншых кааліцый, бо не веру, што з іх можа выйсці які толк.

РР: Я таксама не памятаю, як камуністы казалі, гэткай “нізкай палітычнай яўкі”, што была на тым жа кангрэсавым мітынгу. Тым не менш, Вашы былыя паплечнікі па “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў гавораць, што з уладамі трэба дамаўляцца. Дайце веры – і Вы спрабавалі гэта рабіць, калі былі старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў. Тады за тое, каб Лукашэнка не чапляўся да культуры, казалі што “мы не будзем лезці ў палітыку”. Але, як вядома, з гэтага нічога не атрымалася і Вам давялося з’ехаць у эміграцыю ў Фінляндыю. А Ваш цяперашні сябар і паплечнік Мікола Статкевіч кажа, што з Лукашэнкам можна дамаўляцца толькі “стоячы перад ім на каленях”…

Уладзімір Някляеў: Так, як зазначылі, я і сам спрабаваў з ім кантактаваць, затраціўшы на гэта больш за два гады. Але займеў падман, гульню дзеля скарыстання мяне, увогуле, беларускай інтэлігенцыі ва ўласных палітычных мэтах. Прынамсі, дзеля таго, каб па ўзору тагачаснага Ельцына, вакол якога “таньчыла” маскоўская камарылля з артыстаў ды спевакоў, стварыць і свой “кардыбалет”. Я і сказаў яму ў вочы, што мо хто і захоча браць у ім удзел, але ж тады не лезьце ў тонкі свет, духоўныя пласты, з якіх складаецца народ, нацыя і дзе нічога не разумееце. Маўляў, працягвайце сабе красці колькі ўлезе, перарабляйце на свой капыл калгасы з саўгасамі. Ён, нібы, са мной пагадзіўся –  у культуры ж грошы не ляжаць.  Але, прыгледзеўшыся, відаць, адчуў для сабе небяспеку і рэзка развярнуўся ў бок беларусафоба і “галоўнага ідэолага”, палкоўніка Замяталіна. Якога і выбраў у супрацьвагу мне. Стала зразумела, што тут дасягнуць нічога не змагу. У гэтым сэнсе шмат хто задае мне зараз пытанні пра перспектывы “новай” палітыкі Захаду ў адносінах да “Рыгоравіча”, што ўмоўна называецца “змены праз збліжэнне”. У Еўропе даводзяць, што спадзяванні “маюцца”. Але фактаў, што маглі б сведчыць пра нейкія плюсы, не стае – няма ніякіх крокаў насустрач дэмакратыі, свабодзе слова, эканамічным і палітычным зменам у краіне. Яшчэ нядаўна шанцы дамовіцца з Лукашэнкам былі, пакуль ён не быў загнаны ў кут, як зараз. А сёння магу толькі пацвердзіць – позна!

РР: Нават не гледзячы на тое, што фінансы спяваюць рамансы?

Уладзімір Някляеў: Ні на што, бо не па волі Боскай ці людской, а сам сябе загнаў у той кут.

IMG_1212

РР: Аднак толькі і глядзі, Лукашэнку змогуць прымаць у Еўропе – палітыкі, што адтуль едуць, ужо маўкліва пагаджаюцца з адсутнасцю нашых праваабаронцаў на “вышэйшых” перамовах. Ці можа маюць рацыю тыя блогеры ў незалежных СМІ, што пішуць пра “пракідванне Захадам беларускай апазіцыі”?

Уладзімір Някляеў: Я б не звяртаўся з асаблівымі прэтэнзіямі да Еўразвяза. Я нешта не памятаю, каб Беларусь прынесла нешта каштоўнае для той жа Нямеччыны. Каб яна ў адведкі давала грошы з новымі тэхналогіямі ці здабывала беларусам дэмакратыю. Кожны ў гэтым свеце кіруецца сваімі інтарэсамі. Там палітыкаў выбіраюць і яны адказваюць перад тымі, хто абраў іх кіраўнікамі ці канцлерам. Іншая справа, ёсць дэклараваная мара стварыць на Усходзе Еўропы свабоднае дэмакратычнае апірышча, і яны на словах ад гэтага не адмаўляюцца. Хоць на справе ўсё атрымліваецца больш чым умоўна… Здаецца, Захаду спрыяльна было б закансерваваць на нейкі час сітуацыю ў Беларусі. Не таму, каб нас “кінуць” ці “аддаць пад дыктатуру”. Бо наперадзе ва ўсіх цяжкія часы, і ў ЗША мільгае прывід дэфолту. Таму патрэбныя максімальныя высілкі дзеля захавання ўнутранай эканамічнай стабільнасці. А значыць, каб “налева” не траціліся сродкі. Тым больш, ім вельмі шмат каштавала ўжо Украіна. Так што наш разлік мусіць быць выключна на ўнутраныя сілы. Дзеля гэтага на міжнародны узровень пашыраю з дапамогай нашай эміграцыі рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць”, працую ў Беларускім кангрэсе дэмсіл.

РР: Зноў жа, вы працягваеце там выступаць за адзіны спіс апазіцыі на маючых адбыцца выбарах. Але калі, як у вершы Мандэльштама, “усё, Аляксандр Герцавіч, закручанае даўно” – дык ці ён дапаможа, каб і быў створаны?

Уладзімір Някляеў: У чыстым выглядзе – адзін апазіцыянер па адной акрузе –  спіс у прынцыпе не можа быць складзены. Бо заўжды нехта знойдзецца, хто скажа – я таксама іду кандыдатам і пляваў на тое, пра што вы там дамовіліся. Але не гэта галоўнае. Ці падасць апазіцыя сігнал грамадству, што яна адзіная сіла на выбарах, якіх, як ужо бачна, не будзе? Больш таго. Цягнік сышоў – рэальнага аб’яднання апазіцыі немагчыма дасягнуць. Бо адны і тыя ж людзі, што дзесяцігоддзямі займаюцца гэтай дзейнасцю, ужо з цяжкасцю адзін аднаго трываюць. І кожны кожнаму не давярае. Таму дамовіцца ў прынцыпе не могуць…

РР: Трэба змена пакаленняў?

Уладзімір Някляеў: Я за тое, але як яна мусіць адбыцца? Ну сышлі ўсе гэтыя Някляевы, Шушкевічы-Статкевічы ды Мілінкевічы-Лябедзькі з Калякінымі. І хоп – на пустэчы ўзнікла нешта прынцыпова-новае?! Не! Працэс будзе доўгі, складаны і звязаны, канешне, з асобамі. Але – якія будуць праяўляцца ды вылучацца не ў кабінетах, а ў часе падзей. А падзеі будуць вельмі сур’ёзныя. У звязе з той жа рэцэсіяй, што будзе паглыбляцца. Сацыяльнай напружанасцю, што будзе нарастаць. Урэшце, з асэнсаваннем таго, што Беларусь знаходзіцца пад рэальнай пагрозай знікнення. І ўсё ж такі, працуючы з мноствам людзей, ведаю, што знойдуцца дзясяткі, сотні тысяч людзей, што гатовыя супраць гэтага паўстаць, нават рызыкуючы ды ахвяруючы сваім жыццём. Я прыкладаю ўсе намаганні, каб дух, нацыянальная свядомасць у нашых людзей расла і расла.

РР: Мне ў свае часы вельмі падабалася, як нехта з мудрых сказаў пра людзей творча апантаных, самадастатковых, што яны глядзяць праз галовы паэтаў і ўрадаў. Але гледзячы на тое, што на двары, балазе, не давярае ніхто ані тым, ані тым. Вы не шкадуеце, што апынуліся ў сітуацыі, калі Палітык часам перамагае Паэта?

Уладзімір Някляеў: Калі нешта і можа быць гранічна супрацьлеглым, дык гэта два гэтыя паняткі. Так, неаднаразова, нібы, прымаў рашэнне абраць нешта адно – і не на карысць грамадскай дзейнасці. Але абставіны заўжды складваюцца так, што не выпадае.  Дый бачу як знікае цікаўнасць да кнігі, да таго, што нясе паэзія, літаратура…

IMG_1209

Тым часам я паказваю суразмоўцу стос кніг на рэдакцыйным стале. Гэта друкаваныя бестсэлеры, за якімі яшчэ колькі год таму ганяліся і выкладвалі добрыя грошы – Тэадор Драйзер, “Дэкамерон” Бакача, Гюстаў Флабер, наш Аляксей Карпюк. Я іх зранку падабраў каля суседняга пад’езда, ідучы на працу – нехта проста выкінуў, пакуль ніхто не бачыў… за непатрэбнасцю. Уладзімір Пракопавіч узрываецца:

Уладзімір Някляеў: Але ж замены ім нямашака! Дзякуй Богу, да мяне апошнімі часамі ўсё ж такі вяртаюцца чытачы, што некалі ў 90-х захопленыя вірам падзей ад першых дзён Незалежнасці, а пасля змагання за яе – зрабілі нырца ў палітыку. А цяпер вынырваюць і хапаюць, як рыбіны, ротам духоўнае паветра. Нядаўна вярнуўся з Амерыкі. Мы, бадай, дагэтуль, гаворачы пра яе, прыпамінаем савецкія вобразы “жоўтага д’ябла”,  паўсюдны расізм. Усё не так! Неверагодна шмат укладаецца грошай у культуру. Пры чым не дзяржавай, а людзьмі ўзроўню Ракфелераў, што наеліся “зялёных”, асабістых яхтаў, летакоў. Зразумелі, што да Усявышняга на іх не прыляціш і не прыплывеш. Прыкра, што за лукашэнкаўскія дзесяцігоддзі, калі б краіна цывілізавана развівалася, у нас узнікла б таксама ў першым пакаленні нацыянальная буржуазія. Яе першыя прадстаўнікі, хто памятае, у тых жа 90-ых займаліся дабрачыннай дзейнасцю. А так страчваем у сабе самае асноўнае, на чым мусяць трымацца людзі – глыбіню суадносін з нашчадкамі, продкамі. А ўсё гэта асэнсоўваецца толькі праз Веру, рэлігію, культуру.

РР: Дарэчы, гэта ж пасля крывавага задушэння супраціву ў 2010-м, у тым ліку і Вас, усялякімі “алмазамі” ды “альфамі”, сказалі ў адным з інтэрв’ю, што “жыццё – рух Бога ў табе”. Наколькі Вы веруючы чалавек?

Уладзімір Някляеў: Вырас у сям’і вернікаў, дзе пытанне ці Ён ёсць ці няма не задавалася. Яно, наогул, непрадуктыўнае, таму што, апроч Духа, нішто не стварае чалавека. Усё астатняе можам збудаваць самі – караблі, ракеты. Зараз, калі праз месяц стану юбілярам, прыгадваю як цікавіўся ў старэйшых што ж гэта за такое – доўгае жыццё?! А цяпер разумею, што яго… не бывае. Кожны з нас нараджаецца ўчора, а памірае заўтра. І вось за гэты кароценькі-кароценькі час трэба сябе спраўдзіць, вылепіць ў сабе тое, што калі ты быў маленькім, бачылася  як ідэал! А гэта і ёсць Гасподзь, што ўбірае ў сабе каханне, сяброўства, адчуванне любасці, шчасця ў гэтым свеце. Якое, быццам, залежыць і колькі ў каго грошай, якая ў каго кватэра. Але ж, па вялікім рахунку – не! Нават калі бачыш уяўнае багацце – асабістыя выспы, палацы за 50 мільёнаў даляраў, што назіраў у Маямі. З прыкрасцю разумееш марнасць тутэйшых “змаганняў” за лішнія пяць-дзесяць метраў у кватэры ці лішнюю градку на лецішчах. І хто колькі адшчыкне ў гэтага рэжыму ці якой іншай улады. Усё гэта дробязнае, пустое, што нічога не дае. Гавару са свайго досведу – я заўжды быў заможным, зарабляючы творчасцю. Капалі пры Саветах дывідэнды за вершы, песні такія, што мог купіць за месяц аж дзве “Волгі”.

РР: Ну Макаёнка ж не пераплюнулі!

Уладзімір Някляеў: (смяецца) Ніколі не мераўся з Андрэем Ягоравічам. Але ведаю, што і ён не быў шчаслівы праз грашовыя знакі, якія ўспрымаў як апалае лісце, што згарае ў дым. Але ж лятаў на прэм’ерах новых п’ес, што ставіліся паўсюдна ў тэатрах!

РР: Валянцін Акудовіч назваў Вашу паэму “Ложак для пчалы” лепшай з напісаных, дый адной з найлепшых ва ўсёй беларускай літаратуры. Але ці падлічвалі калі-небудзь колькасць усяго напісанага?

Уладзімір Някляеў: Ніколі! Не ў тым рэч. Вось перад намі названыя раней кнігі. Колькі перад намі было людзей, што зрабілі нешта вялікае і былі ўзнятыя сучаснікамі на сцягі ды харугвы! Але, па вялікім рахунку, іх не так і шмат. Мяне радуе часам і дагэтуль не тое, што нават напісаў. А калі сустрэнецца на вуліцы незнаёмца, усміхнецца і раптам прачытае радок з даўняга і мной забытага верша ці праспявае куплет. Я думаю, што лёс чалавечы не такі фатальны, як, па слабасці, мы часам пра яго думаем – маўляў, усё роўна ж усё на нябёсах да нараджэння вызначана ці пад зямлёй.  Ці – “як нацыя, як народ нас не існуе”! Я неяк напісаў жартаўлівы верш, калі прыйшлі да Бога беларусы і кажуць – а што з нас узяць, мы ж дурні! Што ж, можна і так жыць на белым свеце, ад слабасці, але не! Чалавек, народ, дзяржава – гэта штодзённае самабудаўніцтва. І Паэзія, талент, што дадзеныя мне звыш, мяне зратавалі, і ратуюць…

Да свайго 70-годдзя Уладзімір Някляеў выпускае зборнік, што красамоўна называецца –  “Толькі вершы”. Нашы віншаванні наперадзе.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск