Някляева арыштавалі на 7 сутак
Адзін з сустаршыняў Рады Беларускага нацыянальнага кангрэса (арганізацыя афіцыйна не зарэгістраваная ў Беларусі) паэт Уладзімір Някляеў арыштаваны на сем сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Мінску. Як паведаміла БелаПАН жонка палітыка Вольга Някляева, ён знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.
Паводле слоў Вольгі, раніцай 15 верасня Някляеў пайшоў да лекара і дадому не вярнуўся. У другой палове дня ёй патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся дзяржаўным адвакатам. З размовы Вольга Някляева зразумела, што ён прадстаўляў інтарэсы яе мужа ў судзе Савецкага раёна Менска, дзе Някляева судзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
„Мне сказалі, што мужа арыштавалі на сем сутак, зараз я удакладняю гэтую інфармацыю ў Савецкім РУУС. Але я дакладна ведаю, што ён ужо на Акрэсціна. Тэлефон недаступны. Я не ведаю, ні калі, ні дзе яго затрымалі. Ніякай паперы нам не прыходзіла, позвай у суд яго не выклікалі”, — адзначыла Вольга Някляева.
За якое менавіта несанкцыянаванае мерапрыемства судзілі Някляева, пакуль не ясна. Апошняя несанкцыянаваная акцыя, у якой удзельнічаў апазіцыйны палітык, адбылася 8 верасня ў цэнтры Менска і была накіраваная супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”. Акцыю арганізавала Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса.
Яшчэ адзін сустаршыня Рады БНК — Мікалай Статкевіч — паведаміў БелаПАН, што ён пакуль не бачыў якіх-небудзь позваў у суд. Цяпер ён знаходзіцца дома.
belapan.by