Няма даверу да слоў кіраўніка Беларусі



Няма даверу да слоў кіраўніка Беларусі і міністра замежных спраў.

Так старшыня партыі Беларускі народны фронт Рыгор Кастусёў адрэагаваў на апошнія запэўніванні беларускіх уладаў аб тым, што перамовы аб паглыбленні інтэграцыі з Расеяй не нясуць ніякай пагрозы для незалежнасці Беларусі.

– Мы ад Аляксандра Лукашэнкі чуем ужо колькі год, што не хвалюйцеся, Беларусь у склад Расеі не ўвойдзе. Але мы з другога боку бачым выказванні і дзеянні расейскіх уладаў да суседніх краінаў. Яшчэ ў 2012 годзе, калі размова заходзіла пра Крым, усе казалі: да ну, такога быць не можа. І нават расейскі бок казаў, што Расея не прэтэндуе на Крым. Прайшло два гады, у 2014 Крым становіцца ўжо расейскім. Таму словы і расейскага боку, і Аляксандра Лукашэнкі на самой справе не пацвярджаюцца практыкай.

Расея хацела ўключыць у праграму паглыбленай інтэграцыі непрымальныя для Беларусі палажэнні. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю расейскаму агенцтву РБК. Да прыкладу, меркавалася стварыць нейкія наднацыянальныя структуры, што не адпавядае палажэнням Саюзнай дамовы. У той жа час, на думку Макея, бакі павінны засяродзіцца на вырашэнні гандлёва-эканамічных пытанняў. Гэта ў першую чаргу кошты на нафту і газ ды праблема так званага «падатковага манеўру» Расеі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя