Нямеччына абмяжуе сацпадтрымку мігрантаў
Бундэстаг зацвердзіў адпаведныя змены заканадаўства позна ўвечары ў чацвер, 1 снежня.
Грамадзяне краін Еўрапейскага звязу змогуць прэтэндаваць на атрыманне сацыяльнай падтрымкі ў Нямеччыне толькі пасля пяці гадоў пражывання на яе тэрыторыі.
Як паведамляе Deutsche Welle, такая мера накіравана супраць прыезду ў краіну мігрантаў, якіх прыцягвае высокі ровень нямецкіх сацыяльных дапамог.
У прыватнасці, гэта азначае, што замежнікі больш не змогуць звяртацца за атрыманнем сацыяльнай дапамогі на час пошуку працы ў Нямеччыне.
У якасці абгрунтавання паказваецца, што прэтэндаваць на атрыманне сацыяльнай дапамогі ў ФРГ могуць толькі тыя, хто ў Нямеччыне жыве, працуе, плаціць падаткі і робіць іншыя адлічэнні. Тыя ж, хто не працаваў у Нямеччыне і мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, павінны звяртацца па дапамогу да сацыяльных службаў сваіх краін.
Да заканчэння пяцігадовага тэрміну грамадзяне ЕЗ могуць прэтэндаваць на атрыманне сацыяльнай падтрымкі максімальна на тэрмін у адзін месяц, што дазволіць ім вярнуцца на радзіму.
Змены ў закон, унесеныя ўрадам Нямеччыны, сталі адказам на рашэнне Федэральнага суда па сацыяльных пытаннях, які ў 2015 годзе пастанавіў, што на атрыманне сацыяльных дапамог могуць прэтэндаваць грамадзяне краін ЕЗ, якія пражываюць у ФРГ больш за шэсць месяцаў. Дакумент, прыняты Бундэстагам, зараз павінен прайсці разгляд у Бундэсраце.
Паняцце „сацыяльны турызм” пачало шырока выкарыстоўвацца ў Нямеччыне ў 2013 годзе. Ужывалася яно асобна ўзятымі палітыкамі ў дачыненні да мігрантаў з Усходняй Еўропы і іншых краін, якія прыязджаюць у больш багацейшыя еўрапейскія дзяржавы (у прыватнасці, у Нямеччыну) у надзеі на лепшае жыццё. Гэты тэрмін быў прызнаны „антысловам 2013 года”, бо можа абражаць мігрантаў.
Фота Daniel Leal-Olivas/Global Look Press