Нямецкі саюз журналістаў заклікаў улады Беларусі спыніць пераслед СМІ
Неадкладна спыніць пераслед СМІ заклікаў урад Беларусі Нямецкі саюз журналістаў (DJV).
„Гэта тычыцца таксама неадкладнай выдачы акрэдытацый карэспандэнтам замежных СМІ ў краіне. У выхадныя дні акрэдытацыі былі адабраныя або прызнаныя несапраўднымі з відавочнай мэтай перашкодзіць выхаду матэрыялаў пра пратэсты і дэманстрацыі супраць кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі”, — гаворыцца ў заяве.
„Нішто і ніхто не дае кіраўніку Беларусі права перашкаджаць і пераследаваць журналістаў, змяшчаць іх пад арышт”, — заявіў старшыня DJV Франк Юбераль. Ён вітаў „выразныя словы” вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля, які „рэзка асудзіў метады рэжыму ў Менску”. Юбераль, паводле яго слоў, пазітыўна ўспрыняў навіну аб сустрэчы канцлера Германіі Ангелы Меркель са Святланай Ціханоўскай, якая „разглядаецца як пераможца прэзідэнцкіх выбараў”. Сустрэча мае адбыцца 6 кастрычніка ў Берліне.
„Палітыкі ўсіх узроўняў у Еўропе павінны накіраваць свае намаганні на тое, каб у Беларусі паважаліся свабода СМІ і іншыя асноўныя дэмакратычныя каштоўнасці”, — мяркуе кіраўнік DJV.
2 кастрычніка Савет міністраў Беларусі зацвердзіў новую рэдакцыю палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі. З гэтага дня раней выдадзеныя акрэдытацыі перасталі дзейнічаць. Новыя заяўкі на часовую акрэдытацыю разглядаюцца на працягу пяці дзён, на пастаянную — 30.
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў, што новае палажэнне „стала шмат у чым больш ліберальным за папярэдняе” і гэта „не нейкая зачыстка інфармацыйнага поля, спыненне акрэдытацый ці яшчэ нешта з гэтым звязанае, а менавіта пераакрэдытацыя замежных СМІ згодна з новымі правіламі”.
Найбольш важным новаўвядзеннем у параўнанні з рэдакцыяй дакумента ад 25 снежня 2008 года з’яўляецца пункт аб тым, што „ў якасці журналістаў замежных СМІ акрэдытуюцца, як правіла, грамадзяне дзяржаў, у якіх зарэгістраваны замежны СМІ”.
Акрэдытаваныя журналісты павінны выконваць мясцовае заканадаўства, кіравацца асноўнымі прынцыпамі дзейнасці СМІ ў краіне, прытрымлівацца нормаў прафесійнай этыкі. Апошніх двух пунктаў не было ў папярэдняй рэдакцыі дакумента — яна рэгулявала ў першую чаргу працэдурныя моманты акрэдытацыі, але не пастулявала патрабаванні агульнага характару.
У канцы жніўня былі пазбаўленыя акрэдытацыі каля двух дзясяткаў прадстаўнікоў замежных СМІ, у ліку якіх беларускія карэспандэнты BBC, Reuters, AFP, RFI, тэлеканала „Настоящее Время” ды інш.