Нямецкія палітыкі лічаць, што Лукашэнка зараз паводзіць сябе канструктыўна
“Лукашэнка паводзіць сябе канструктыўна,” – заявіў эксперт Тобіяс Баўман з Нямецкай прамыслова-гандлёвай палаты. У Варшаве адбылася канферэнцыя на тэму нямецкай усходняй палітыкі, у якой узялі ўдзел шэраг палітыкаў ды адмыслоўцаў. Адной з галоўных тэмаў сустрэчы стала сітуацыя ва Украіне, а таксама санкцыі Еўразвязу ў дачыненні да Расеі.
На пытанне нашага радыё, чаму Еўразвяз абраў Менск як пляцоўку для дыялогу паміж Украінай ды Расеяй, – адказвае Тобіяс Баўман:
– Што датычыць Беларусі, то трэба сказаць, вы маеце тут абсалютную рацыю, сіцуацыя з правамі чалавека надалей застаецца вельмі складанай, аднак, тым не менш, трэба зазначыць, што спадар Лукашэнка паводзіць сябе цяпер досыць канструктыўна.
Томас Багер з Міністэрства замежных справаў Нямеччыны дадае, што сапраўды пытанне пра вызваленне палітвязняў на перамовах у Менску АБСЕ не падымала:
– Мы трымаем санкцыі ў сувязі з наяўнасцю палітычных зняволеных, а таксама ўнутранай палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Тое, што Беларусь запрананавала месца гэтых сустрэчаў, месца для такога важнага дыялогу паміж Расеяй і Украінай, я б гэтага ўсяго не змешваў, думаю, што нельга рабіць нейкіх закідаў Еўразвязу з таго, што ён скарыстаўся з гэтай прапановы. Перадусім выбары Менска як пляцоўкі для перамоваў было рашэннем бакоў канфлікту, а не Еўрапейскага звязу.
Пры гэтым заходнія санкцыі ў дачыненні да Беларусі і да Аляксандра Лукашэнкі працягваюць дзейнічаць надалей – дадаў нямецкім палітык. І гэтае цяпер пытанне не абмяркоўваецца.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара