Нямецкія СМІ: НАТА вырашыла, што Украіна ўжо прайграла вайну на Данбасе
НАТА лічыць, што Украіна прайграла ваенны канфлікт на ўсходзе.
Пра гэта паведамляе нямецкае выданне SpiegelOnline са спасылкай на неназванага высокапастаўленага генерала Альянсу.
„У ваенным плане канфлікт для Кіева ўжо прайграны”, – сказаў ён па выніках крызіснага пасяджэння генералаў НАТА, якое адбылося ў канцы мінулага тыдня.
На яго думку, для прэзідэнта Пятра Парашэнкі застаюцца толькі перамовы для таго, каб вывесці людзей з расійскіх катлоў жывымі.
Па дадзеных выдання, падчас пасяджэння былі агучаныя дадзеныя выведкі, паводле якіх на мяжы з Украінай знаходзіцца не менш за 20 батальёнаў з паўтысячы вайскоўцаў і цяжкай тэхнікай у кожным.
Таксама на пасяджэнні было выказана меркаванне, што Расея мае намер прабіваць сухапутны калідор у Крым. Акрамя таго альянс перакананы, што Украіна канчаткова страціла кантроль над усходняй мяжой.