Нямецкія ваенныя застануцца ў Літве для ўзмацнення бяспекі краіны
Германскія ваенныя, якія ўзначальваюць дыслакаваны ў Літве міжнародны батальён саюзнікаў, будуць знаходзіцца ў краіне да таго часу, пакуль сітуацыя з бяспекай не палепшыцца, заявіў прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер.
„Сітуацыя пасля супрацьпраўнай анексіі Крыма змянілася, і Літва ў большай ступені, чым любая іншая краіна адчувае гэтую пагрозу”, – сказаў нямецкі прэзідэнт журналістам на сустрэчы ў Вільні з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ.
Ён адзначыў, што „нямецкія вайскоўцы будуць знаходзіцца ў Літве да таго часу, пакуль сітуацыя аб’ектыўна не зменіцца ў лепшы бок”.
У сваю чаргу Грыбаўскайтэ заявіла, што батальёны НАТА, якія знаходзяцца ў Балтыйскіх краінах і Польшчы, забяспечваюць належнае стрымліванне разнастайных пагроз.
Разам з тым яна падкрэсліла, што варта „працягнуць нарошчваць ахоўныя механізмы краін Балтыі”. „Мы будзем інвеставаць у альянс і надалей, каб наступны саміт НАТА быў прысвечаны далейшай рэформе НАТА, якая павінна інвеставаць у новую якасць і хуткасць прыняцця рашэнняў, павінна перагледзець карту дыслакацыі сіл НАТА, надаючы больш увагі ўсходняму флангу і асабліва супрацьпаветранай абароне”, – сказала кіраўнік Літвы.
Яна падтрымала рашэнне Берліна ўзначаліць батальён у Літве і сказала, што „Германія змагла пераадолець даволі складаныя пачуцці, прымаючы такое рашэнне”.
У гэтым годзе міжнародныя батальёны НАТА, сфармаваныя з вайскоўцаў 23 краін, былі размешчаны па ўсёй тэрыторыі Балтыйскіх краін і ў Польшчы. У Альянсе сцвярджаюць, што гэта неабходна ў сувязі з дзеяннямі Расейскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны і ў рэгіёне Балтыйскага мора.
Фота delfi.lt