Одэр на Лукашэнку
Што азначае сітуацыя, калі Еўрапарламент 14 верасня заклікаў у сваёй рэзалюцыі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на Лукашэнку? Калі каротка, адна справа камунікаваць з падсанкцыйным персанажам, іншая – з крымінальнікам. Ды яшчэ міжнароднага ўзроўню.
Рэзалюцыя Еўрапарламенту вялікая, поўніцца шматлікімі дэталямі. Але калі спрошчана, самае галоўнае – гэта вінавачванне Лукашэнкі ў суагрэсіі разам з Расеяй супраць Украіны. А таксама выкраданне ўкраінскіх дзяцей і падлеткаў з дзіцячых прытулкаў – нароўні з Расеяй.
Зразумела, што далёкім ад еўрапейскіх палітычных рэаліяў людзям цяжка разбірацца ў назвах наднацыянальных структураў. Не залежна ад краіны, дзе жыве чалавек. Датычыць не толькі беларусаў. Спытайце, напрыклад, у паспалітага паляка чым адрозніваецца ПАРЭ ад АБСЕ? Пацісне плячыма.
Тое і з Еўрапарламентам і Міжнародным крымінальным судом.
Міжнародны суд – цалкам самастойная структура. Суд як калектыўны арганізм можа толькі прыслухацца да хоць якіх-кольвек заклікаў, парадаў ці рэкамендацый.
Кожнаму незалежнаму суду патрэбныя факты. Па Лукашэнку факты збіраюцца самымі рознымі арганізацыямі. І праваабарончымі, і адной са структураў ААН, парламенцкімі фрыкцыямі розных краінаў. Еўрапарламент не на пустым месцы стварыў рэзалюцыю.
Пакуль увага шырокай публікі прыкаваная да падзеяў ва Украіне, па Лукашэнку гадзіннік ціха і непрыкметна цікае.
Па Лукашэнку збіраюць факты па яго злачынствах унутры краіны. Як і ў выпадку з украінскім кейсам, прадстаўнічыя нацыянальныя і наднацыянальныя арганізацыі.
Далёкаму ад юрыдычных працэдураў чалавеку хочацца, каб справядлівасць, ды што там – адплата, за, без перавелічэння крывавыя, злачынствы Лукашэнкі ўнутры Беларусі, адбылася як мага хутчэй.
Але хутка бывае толькі ў дыктатурах. Еўрапейская бюракратыя запрагае доўга. А калі рашэнне прымаецца, то яно беспаваротнае.
Іншае пытанне з палітычнымі рашэннямі. Ці не большасць краінаў Еўропы спадзяваліся, што змогуць неяк дамовіцца з узурпатарам улады ў Беларусі.
Пасля прызнання Лукашэнкі міжнародным злачынцам падобнае будзе не магчымым.
І, самае галоўнае для беларусаў, бліжэй стане міжнароднае прызнанне злачынстваў Лукашэнкі ўнутры краіны.
А гэта ўжо будзе ўжо зусім іншая гісторыя для тых, хто ў Беларусі цісне дыктатару руку і аддае яму чэсць.
Будзе прасцей адсякаць бульбянога фюрэра ад кантактаў, якія дапамагаюць яму трымацца на паверхні. Самымі рознымі спосабамі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя