Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў пра вынікі першага тыдня лютага
Нагадаем, Святлана Ціханоўская анансавала штотыднёвыя справаздачы пра працу каманды.
Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай за тыдзень 1-7 лютага:
– Чэхія пашырыла гуманітарную праграму medevac, якая дазваляе пераследваным беларусам атрымаць дапамогу ў Чэхіі. Гэта Ціханоўская абмяркоўвала раней з міністрам Петршычкем.
– Па выніках сустрэч са Святланай Германія запусціла праграму для Беларусі, якая ўключае ў сябе дапамогу рэпрэсаваным, СМІ, праваабаронцам, палегчаны візавы рэжым. Агульны аб’ём праграмы – 21 млн еўра.
– Па прапанове Ціханоўскай літоўскія дэпутаты і спікер сейма ўзялі шэфства над палітвязнямі – Ігарам Лосікам, Эдуардам Пальчысам, Дар’яй Чульцовай, Ксеніяй Сырамалот, Паўлам Севярынцам, Міколам Дзядком і многімі іншымі.
– Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр прыбыла ў Вільню на сустрэчу з Ціханоўскай і яе Кабінетам. Фішэр пацвердзіла, што ЗША будуць працягваць абараняць народ Беларусі. Разам з паслом Святлана ўшанавала памяць герояў Беларусі Каліноўскага і Касцюшкі.
– Прайшоў онлайн-званок Ціханоўскай з лекарамі Беларусі. Абмеркавалі суд над лекарам Арцёмам Сарокіным 19 лютага. Закранулі тэму вакцын, якіх усё яшчэ не хапае ў Беларусі. Святлана вядзе працу, каб беларусы маглі атрымаць еўрапейскія вакцыны ў патрэбнай колькасці.
– З пачаткам «судоў» над пратэстуючымі Святлана пачала рабіць званкі з сем’ямі асуджаных палітвязняў. Першым суразмоўцам стаў брат Уладзіміра Неронскага, якога асудзілі па «справе Ціханоўскага» на 3 гады.
– Адбыўся першы званок з кіраўніком МЗС Вялікабрытаніі Дамінікам Раабам. Міністр запэўніў, што Вялікабрытанія з ЕЗ і ЗША будзе працаваць над вырашэннем крызісу ў Беларусі.
– АБСЕ адрэагавала на адпраўлены офісам Ціханоўскай запіс Карпянкова: асудзіла намеры ствараць лагера і загад страляць у людзей, заклікала вызваліць палітвязняў.
– Святлана Ціханоўская разам са штабам Віктара Бабарыкі намінавала Максіма Знака на міжнародную прэмію імя Трар’е ў галіне правоў чалавека.
– Святлана правяла онлайн-сустрэчу з міністрам замежных спраў Эстоніі Эвай-Марыяй Лійметс. Эстонія будзе працягваць падтрымліваць жорсткія санкцыі для вызвалення палітвязняў.
– 7 лютага праходзіць міжнародны Дзень салідарнасці з Беларуссю. Па прызыву Ціханоўскай адзначыць дзень салідарнасці адгукнуліся лідары, ўрада і парламенты, а таксама дыяспары краін: ЗША, Канада, Ізраіль, Бразілія, Аўстралія, Брытанія, Францыя, Польшча, Літва, Расея, Украіна, Швецыя, Чэхія і многія іншыя.
– Святлана звярнулася да беларусаў перад УНС: «2700 чалавек на УНС – адабраная публіка, якая не скажа яму «сыходзь». Выйсці на вуліцу яму цяпер не пад сілу. А людзі выйдуць».
– Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала і ўвесь народ Беларусі былі вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру.
Звязацца з офісам Ціханоўскай можна праз чат-бот – @AskOffice_Bot або па пошце – [email protected]. Для супрацоўнікаў дзяржустаноў, якія гатовыя да дыялогу, – [email protected].