Офіс Святланы Ціханоўскай пра сцэнар мірнага вырашэння крызісу
Офіс Святланы Ціханоўскай падтрымлівае ўсталяванне кантактаў з прадстаўнікамі ўлады для выпрацоўкі механізмаў урэгулявання палітычнага крызісу.
1. Папярэднія кансультацыі
Прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай гатовыя браць удзел у кансультацыях без папярэдніх умоваў. Ад улады можа быць як Аляксандар Лукашэнка, так і ягоныя прадстаўнікі.
Асноўнымі кампанентамі для вырашэння крызісу з’яўляюцца:
– рэфармаванне палітычнай сістэмы Беларусі ў адпаведнасці з прынцыпамі інклюзіўнасці, дэмакратыі і захавання правоў чалавека;
– выпрацоўка прынцыпаў і механізмаў нацыянальнага дыялогу і прымірэння, уключна з вызваленнем палітычных зняволеных;
– правядзенне новых сумленных і свабодных выбараў.
2. Роля АБСЕ ў перамовах
Улічваючы адсутнасць даверу паміж бакамі, пляцоўкай для папярэдніх кансультацый і кантактаў можа выступіць АБСЕ. Гэта дазваляе ўключыць у працэс Расею. Менавіта пазіцыя Расеі з’яўляецца галоўнай перашкодай да вырашэння крызісу ў Беларусі.
Пры гэтым АБСЕ не зможа выступіць у якасці гаранта ў выкананні абавязацельстваў, узятых бакамі для вырашэння крызісу. Таму пасярэднікамі могуць стаць іншыя дзяржавы.
3. Іншыя краіны як пасярэднікі і гаранты перамоваў
– Расея, якая мае значны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі.
– Францыя, Германія і Швейцарыя. Германія і Францыя ўжо мелі досвед сумеснай працы з Расеяй па ўкраінскім крызісе.
– ЗША, якія выступаюць гарантам бяспекі і палітычнай стабільнасці ў рэгіёне.
Краіны Паўночнай Еўропы (Фінляндыя і Швецыя) таксама могуць выступіць у якасці пасярэднікаў. Чаму гэта не можа быць Польшча ці Літва? Таму што ў дадзены момант рэжым знаходзіцца з імі ў вострым канфлікце.
4. Унутранае вырашэнне крызісу
Унутранае вырашэнне крызісу без міжнароднай медыяцыі немагчыма, таму што абодва бакі – рэжым і дэмакратычныя сілы – не давяраюць адзін аднаму. У адказ на заклік да адкрытага дыялогу лідараў абвясцілі датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасці і ўзмацнілі ціск.
Таму асноўны сцэнар негвалтоўнага вырашэння крызісу ў Беларусі – гэта перамовы пры вонкавым пасярэдніцтве і з вонкавымі гарантыямі выканання дамоўленасцей.
Беларускае Радыё Рацыя