Офіс Святланы Ціханоўскай рыхтуе яе візіты ў 11 краін свету



Офіс Святланы Ціханоўскай рыхтуе яе візіты ў 11 краін свету, паведаміў на прэс-канферэнцыі 30 снежня ў анлайн-фармаце прадстаўнік экс-кандыдата ў прэзідэнты па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі. „Мы ўжо наведалі 10 краін, устаноўленыя кантакты з кіраўніцтвам 25 краін, — сказаў ён. — На этапе падрыхтоўкі зараз візіты ў 11 краін — у Паўночнай Амерыцы, Паўночнай і Паўднёвай Еўропе”.

Паводле Кавалеўскага, падчас замежных візітаў Святлану Ціханоўскую сустракалі як „сапраўднага нацыянальнага лідара Беларусі”, такім чынам выказваючы „сваю павагу і захапленне мірным пратэстам, мужнасцю беларусаў”. Асноўнай мэтай замежнай палітыкі Ціханоўскай цяпер з’яўляецца „інфармаванне пра тое, што адбылося 9 жніўня ў Беларусі і пасля. Важным напрамкам дзейнасці Кавалеўскі таксама назваў арганізацыю і кансалідацыю націску міжнароднай супольнасці на рэжым Лукашэнкі для таго, каб „спыніць гвалт і беззаконне ў Беларусі і ўлады перайшлі да палітычнага дыялогу”.

Беларускае Радыё Рацыя