Офіс Ціханоўскай апублікаваў план на тыдзень
Афіцыйны тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай апублікаваў планы міжнароднай групы яе офіса на тыдзень.
– Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр ужо ў Вільні. Запланаваны шэраг кансультацыяў па сітуацыі ў рэгіёне і змушэнні рэжыму да перамоваў, а таксама супольныя публічныя мерапрыемствы. Таксама плануюцца сустрэчы з удзелам амбасадараў Польшчы і Літвы.
– На гэтым тыдні чакаецца абвяшчэнне санкцыяў. Неўзабаве абвесцяць дату прыняцця чацвёртага пакету санкцыяў Еўразвязу, куды папярэдне могуць трапіць каля 70 асобаў і кампаніі.
– 20 красавіка адбудзецца паседжанне Еўранэсту, дзе Беларусь прадставіць дэлегацыя пад старшынствам Ціханоўскай. У склад дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады, НАУ, аргкамітэту партыі «Разам», Партыі БНФ, АГП, «Руху за Свабоду» і іншых.
– 20 красавіка Ціханоўская выступіць разам з Фрэнсісам Фукуямам на прэзентацыі Індэксу Свабоды прэсы 2021.
– 20-21 красавіка ПА Рады Еўропы прымуць дзве важныя рэзалюцыі па Беларусі. Святлана Ціханоўская правядзе званкі з генсекам Рады Еўропы і Прэзідэнтам парламенцкай Асамблеі наконт падрыхтоўкі інклюзіўнага дыялогу з беларускім грамадствам, абвінавачванням палітычных лідараў у тэрарызме і ролі Рады Еўропы ў вырашэнні беларускага крызіса.
– 22 красавіка плануецца віртуальная сустрэча Ціханоўскай з міністрам замежных справаў Грэцыі: на парадку дня – палітыка Еўразвязу, грэцка-беларускія адносіны, сітуацыя ў рэгіёне. Гэта ўжо другая працоўная сустрэча Ціханоўскай з міністрам.
– 22 красавіка Святлана Ціханоўская разам з Майклам Макфолам, Білам Браўдэрам і Гары Каспаравым выступіць на сустрэчы Oslo Freedom Forum на платформе Clubhouse.