Офіс Ціханоўскай распрацаваў Канцэпцыю рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі



Канцэпцыя рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі найбліжэйшым часам будзе вынесеная на грамадскае абмеркаванне, паведаміла Крысціна Рыхтэр — дарадца па прававых пытаннях беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Крысціна Рыхтэр. Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай

Паводле яе слоў, дакумент, распрацаваны офісам дэмлідара разам з экспертамі, юрыстамі, праваабаронцамі з улікам міжнароднага досведу ў частцы рэабілітацыі, ахоплівае перыяд з моманту прынясення Лукашэнкам прэзідэнцкай прысягі 20 ліпеня 1994 году і да сённяшніх дзён.

Дарадца Ціханоўскай адзначыла, што дакумент вызначае ахвярамі рэпрэсій Лукашэнкі не толькі палітычных зняволеных, але і вымушаных палітычных мігрантаў, людзей, звольненых і выключаных з універсітэтаў з палітычных матываў, пазбаўленых на радзіме права на прафесію (у тым ліку адвакатаў, журналістаў, супрацоўнікаў НДА, культурных дзеячаў, выкладчыкаў).