Офіс Ціханоўскай разлічвае на яе сустрэчу з Байдэнам падчас візіту ў ЗША
Візіт беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты Амерыкі запланаваны на другую палову ліпеня, паведаміў падчас анлайн-стрыму 9 ліпеня кіраўнік кабінета яе прадстаўнікоў экс-дыпламат Валерый Кавалеўскі.
Паводле яго слоў, чакаюцца сустрэчы ў Белым доме, Дзярждэпартаменце і Кангрэсе.
„Мы цяпер узгадняем апошнія дэталі, удакладняем даты, — сказаў Кавалеўскі. — Адно з самых частых пытанняў: калі ўжо Святлана Ціханоўская наведае ЗША? І, безумоўна, чаканне такое, што яна абавязкова павінна сустрэцца з прэзідэнтам Джо Байдэнам. І мы, безумоўна, таксама разлічваем на гэта, працуем над тым, каб такая сустрэча адбылася”.
Прадстаўнік Ціханоўскай лічыць, што прасоўванне дэмакратыі і барацьба за правы чалавека ў Беларусі адпавядае стратэгічным інтарэсам ЗША, а гэта тое, што „зараз адбываецца ў Беларусі ў чыстым выглядзе”.
Экс-кандыдат у прэзідэнты, паводле яго слоў, мае намер інфармаваць амерыканскі бок аб тым, што адбываецца ў Беларусі, „як беларусы змагаюцца за сваю годнасць, свой выбар і права”. „Мы хочам дамагчыся таго, каб ЗША зрабілі больш прыярытэтнай беларускую праблематыку ў сваёй знешнепалітычнай дзейнасці, каб падключаліся па максімуме міжнародныя механізмы”, — адзначыў Кавалеўскі.
Акрамя таго, паводле яго слоў, на сустрэчах гаворка будзе ісці аб падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і ў цэлым пацярпелых ад рэпрэсій грамадзян.
У кабінеце Ціханоўскай разлічваюць, што ЗША „будуць уключаць свае дыпламатычныя рэсурсы для ўздзеяння на Расію ў кантэксце яе ўплыву на суверэнітэт Беларусі”. „Мы хочам паказаць, што Беларусь будучыні — гэта краіна, у якой выдатныя перспектывы”, — заявіў Кавалеўскі.