АБСЕ не ўключыла ў выніковую дэкларацыю рэзалюцыю з крытыкай Беларусі
Парламенцкая асамблея АБСЕ пасля галасавання 9 ліпеня ў Менску не ўключыла ў выніковую дэкларацыю рэзалюцыю „Палажэнне ва Усходняй Еўропе” з крытыкай Азербайджана, Беларусі і Расеі.
Перад галасаваннем дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Валерый Варанецкі адзначыў „канструктыўны і станоўчы характар” дакумента, але заявіў, што беларуская дэлегацыя не можа падтрымаць „канфрантацыйную і непрафесійна падрыхтаваную рэзалюцыю аб становішчы ва Усходняй Еўропе.
У сваю чаргу прадстаўнік расейскай дэлегацыі заявіў, што Расея не падтрымлівае гэтую рэзалюцыю, як і рэзалюцыю „Аднаўленне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны”.
У выніку дэлегаты ПА АБСЕ прынялі рашэнне правесці дадатковае галасаванне па дэкларацыі „Палажэнне ва Усходняй Еўропе”. Паводле вынікаў галасавання 43 дэлегаты выказаліся за і столькі ж — супраць уключэння гэтай рэзалюцыі ў Менскую дэкларацыю, 29 — устрымаліся.
Старшыня ПА АБСЕ Крысцін Мутанен назвала гэта вельмі незвычайнай сітуацыяй. „Мы абмеркавалі правілы працэдуры. Згодна з імі, калі рэзалюцыя не атрымлівае большасці галасоў, яна не ўключаецца ў выніковую дэкларацыю сесіі”, — сказала яна.
Рашэнне ПА АБСЕ аб неўключэнні рэзалюцыі „Палажэнне ва Усходняй Еўропе” ў дэкларацыю выклікала бурную рэакцыю беларускай дэлегацыі — яе прадстаўнікі апладзіравалі, а член Савета Рэспублікі Сяргей Гайдукевіч крычаў у залу: „Дзякуй вам!”