Па інтэграцыі засталося ўзгадніць тэхнічныя моманты
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ва ўзгадненні саюзных праграм інтэграцыі Беларусі і Расеі «дасягнуты істотны прагрэс».
Паводле ягоных словаў, фактычна гаворка ідзе ўжо аб узгадненні тэхнічных момантаў. Галоўчанка кажа, што знаходзіцца ў шчыльным кантакце са сваім расейскім калегам. А віцэ-прэм’еры дзвюх краінаў «працуюць фактычна штотыднёва, сустракаюцца. Ёсць вялікая ўпэўненасць у тым, што ў астатнія месяцы ўвесь пакет саюзных праграм будзе сфармаваны», — сказаў Галоўчанка.
На думку чыноўніка, гэта створыць новы план працы ў рамках Саюзнай дзяржавы. Пакуль жа ўрады дамовіліся як «гарманізаваць заканадаўства», як стварыць адзінае рэгуляванне для суб’ектаў гаспадарання, мець агульныя прынцыпы адміністравання падаткаў.
Галоўчанка выказаў упэўненасць, што праца, у прыватнасці, з азіяцкімі інвестарамі здолее замяніць праекты з Еўразвязам, калі па тых паўстануць пытанні. Ён перакананы, што прагнозы па падзенні ВУП Беларусі на 7-14% не з’дзейсняцца.
Прэм’ер сказаў, што санкцыі даюць магчымасць Беларусі «актыўней выходзіць на новыя рынкі», а «ўсе грошы ў Еўропе не знаходзяцца».
Беларускае Радыё Рацыя