Па справе „падрыхтоўкі масавых беспарадкаў” затрыманы 21 чалавек
Па так званай па справе „аб арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” зараз затрыманы 21 чалавек, – распавяла прадстаўніца Праваабарончага цэнтру „Вясна” Наста Лойка.
Раней затрыманых было болей, але 12 чалавек ужо вызваленыя. Яны правялі ў следчых ізалятарах Камітэта дзяржбяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў ад 2 да 9 дзён.
– Мы валодаем вельмі абмежаванай інфармацыяй, бо ўсе знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Родных таксама запужалі, патрабуюць нічога не расказваць. І максімум, што мы ведаем, гэта пра стан здароўя ці пра знаходжанне гэтых людзей. А ўсю астатнюю інфармацыю амаль немагчыма атрымаць. Зараз ужо як мінімум 19-ці затрыманым прад’явілі абвінавачванне. Большая частка з іх знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Іх зараз дапытваюць.
Зараз з’явіліся праблемы з наведваннем следчых ізалятараў адвакатамі. З-за вялікіх чэргаў яны не заўсёды могуць патрапіць на допыты. А акрамя допытаў і следчых дзеянняў, адвакаты сваіх падапечных амаль не бачаць, – кажа Наста Лойка.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя