Графіцістаў выпусцілі пад падпіску!



 

31 -га жніўня графіцістаў выпусцілі пад падпіску! – пра гэта ў сваім акаўнце на фейсбуку паведаміла Аліна Стэфановіч.

486-big

Нагадаем, што 20 жніўня  Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне білборду.

Тры пастановы аб узбуджэнні крымінальных справаў былі аб’яднанныя ў адно справаводства. Пры гэтым адна са справаў, узбуджанная па факце запэцквання фарбай бігборда з выявамі супрацоўнікаў МУС і спачатку кваліфікаваная па арт. 341 КК “Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці”, была перакваліфікаваная таксама па ч.2 арт. 339 КК.

Як раней адзначаў юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка, нанясенне малюнкаў на сцены нельга ў дадзеным выпадку расцэньваць як хуліганства, бо гэтыя дзеянні не носяць фактаў грубага парушэння грамадскага парадку, з выразам яўнай непавагі да грамадства.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.