Затрыманыя за забойства Нямцова адмаўляюць сваю віну (абноўлена)



Забойства Нямцова: затрыманыя адмаўляюць віну і паведамляюць пра катаванні. Заўр Дадаеў заявіў праваабаронцам, што не прызнае сябе вінаватым. На ягоным целе выяўленыя сляды збіцця, паведамляе BBC.

Сябры Грамадскай назіральнай камісіі змаглі пагутарыць у СІЗА «Лефортово» з арыштаванымі паводле справы пра забойства Барыса Нямцова.

Раней прадстаўнікі следства заяўлялі, што Заўр Дадаеў ужо прызнаўся ва ўчыненні злачынства, аднак праваабаронцам ён паведаміў, што ён не забіваў апазіцыянера. Таксама высветлілася, што Дадаеў быў у шэрагах батальёна «Поўнач» аж да 28 лютага.

Акрамя таго,  з’явіліся звесткі, што кілеры, магчыма, высочвалі Нямцова яшчэ з восені мінулага году.

* * *

З нагоды затрымання супрацоўнікамі ФСБ меркаваных забойцаў Барыса Нямцова выказаўся ягоны паплечнік. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Ілля Яшын напісаў: «Дырэктар ФСБ паведаміў прэзідэнту Пуціну, што затрыманыя нейкія Анзор Губашаў і Заур Дадаеў. Складана судзіць, рэальныя гэта выканаўцы ці следства пусцілі па ілжывым следзе. Ніякіх істотных дэталяў пакуль няма”, – піша Яшын і дадае, што Федэральная служба бяспекі павінна пераканаўча і публічна давесці, што затрыманыя сапраўды датычныя да злачынства.

Пры гэтым вельмі важна, каб справа не абмежавалася затрыманнем стрэлачнікаў – няхай гэта будуць рэальныя забойцы ці не. Ключавая задача: ўсталяванне і затрыманне заказчыкаў. Нярэдка ў такіх справах усё зводзіцца толькі да затрымання выканаўцаў, што дазваляе ўладам атрымаць прыгожую карцінку на ТВ. Але калі заказчыкі здолеюць пазбегнуць адказнасці, практыка палітычных забойстваў, несумненна, працягнецца – перакананы Ілля Яшын.

* * *

Кіраўнік ФСБ назваў імёны падазраваных у гучным забойстве Барыса Нямцова – гэта нехта Губашаў Анзор і Дадаеў Заур, паведамляе ria.ru.

Двое падазраваных па справе забойства палітыка Барыса Нямцова затрыманыя ў суботу, заявіў журналістам кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў. „У выніку праведзенай работы сёння затрыманыя два падазраваных у здзяйсненні дадзенага злачынства – гэта нехта Губашаў Анзор і Дадаеў Заур, пра што праінфармаваны кіраўнік дзяржавы”, – сказаў Бортнікаў.

Ён удакладніў, што падазраваныя з’яўляюцца жыхарамі Каўказа. „На сённяшні момант працягваюцца аператыўныя і неабходныя аператыўныя і следчыя мерапрыемствы”.

Фота © РИА Новости, Ілля Піталёў