Па цэнтры Кіева пройдзе брыгада імя Астрожскага
Кіеў рыхтуецца да святкаванняў прысвечаных 25-годдзю незалежнасці. Па Храшчаціку пройдзе вайсковы парад, у якім возьме ўдзел і брыгада імя Канстанціна Астрожскага. Паведамляе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Сумесная пяхотная брыгада складзеная з вайскоўцаў Украіны, Літвы і Польшчы была названая ў гонар вайсковага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага два месяцы таму. Такім было сумеснае рашэнне Міжпарламенцкай асамблеі Вярхоўнай Рады Украіны, Літоўскага сейма, а таксама Сойма і Сената Польшчы. На думку высокапасадоўцаў гэтых краін імя пераможцы маскоўцаў у бітве пад Воршай 8 верасня 1514 года найлепш за ўсё адлюстроўвае баявое братэрства ўкраінцаў, літоўцаў і палякаў. Характэрна, што пра вырашальную ролю беларусаў у той бітве, пры назове пяхотнай брыгады, не прыгадалі ні ўкраінцы, ні літоўцы, ні палякі. Крыху суцяшае тое, што ў сумеснай брыгадзе імя Канстанціна Астрожскага служаць і этнічныя беларусы – ураджэнцы Украіны. Яны будуць прадстаўляць нашу краіну на кіеўскім вайсковым парадзе прысвечаным 25-годдзю ўкраінскай незалежнасці.
Вайсковы парад мае адбыцца ў Кіеве 24 жніўня на Храшчаціку і Майдане Незалежнасці. У парадзе возьмуць удзел часткі Узброеных сіл, нацыянальныя гвардзейцы, ветэраны АТА, а таксама каля 200 адзінак бронетанкавай тэхнікі.
Беларускае Радыё Рацыя