У Маскве затрымалі жонку Аляксея Навальнага Юлію (абноўлена)
Прыкладна праз тры гадзіны пасля затрымання Юлію Навальную адпусцілі з паліцыі.
***
У Маскве затрымалі жонку Аляксея Навальнага Юлію Навальную, паведаміла „Эхо Москвы”. Паліцыянты затрымалі жонку палітыка Аляксея Навальнага Юлію ў раёне вуліцы Вялікая Дзмітраўка. Першым пра гэта паведаміў журналіст Сяргей Пархоменка. Юлія Навальная апублікавала ў інстаграме фатаграфію з аўтазака. «Выбачайце за дрэнную якасць. Вельмі дрэннае святло ў аўтазаку», – напісала яна.
***
23 студзеня дзясяткі тысяч грамадзян Расеі выйшлі на мітынгі за вызваленне Аляксея Навальнага. Акцыі пратэсту прайшлі амаль у ста гарадах краіны. Ні адна з іх не была ўзгоднена з уладамі, многія скончыліся масавымі затрыманнямі. На 16-ю гадзіну па ўсёй краіне затрыманыя ўжо больш за 800 чалавек.
***
Па ўсёй Расеі праходзяць акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага. Расейскі апазіцыянер быў затрыманы 17 студзеня ў аэрапорце Шарамеццева па прылёце з Берліна, дзе ён са жніўня праходзіў лячэнне. На наступны дзень ён быў арыштаваны на 30 сутак. Прыхільнікі Навальнага заклікалі расейцаў у гэтую суботу выходзіць на акцыі пратэсту з патрабаваннем вызваліць апазіцыянера.
Першымі сёння на акцыі выйшлі жыхары Далёкага Усходу і Сібіры – Улан-Удэ, Уладзівасток, Паўднёва-Сахалінск, Камсамольск-на-Амуры, Іркуцк, Чыта і Хабараўск. У Якуцку акцыя салідарнасці з Навальным прайшла пры марозе ў 51 градус. У Хабараўску і Уладзівастоку, па паведамленнях расейскіх СМІ, адзначаны сутычкі ўдзельнікаў акцый з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. У многіх гарадах ёсць затрыманыя. На несанкцыянаваным мітынгу ў Краснаярску з’явіўся бел–чырвона-белы сцяг. Ва Уладзівастоку мітынг скончыўся, паведамляе карэспандэнт «Новай газеты». Паводле яго даных, затрыманыя не менш за 50 чалавек.
Самая масавая акцыя чакаецца ў Маскве. Сталічная паліцыя ўжо выступіла з папярэджаннем аб намеры спыніць несанкцыянаванае мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя